Своеасаблівасьць традыцыяў пахавальнага абраду віцебскіх старавераў

Уладзіслаў Іваноў (Віцебск)
11.3.2013

Аб пахавальнай абраднасьці беларускіх старавераў няма спэцыяльнага дасьледваньня, тым ня менш гэта тэма цікавая з пункту гледжаньня разнастайнасьці культурных традыцыяў Беларусі. Спэцыфіка іх пахавальнага абраду пакрысе зьнікае пад прэсам мадэрнізацыі, таму асабліва важным для айчыннай этналёгіі цяпер зьяўляецца захаваць у памяці дадзены страт культуры.

Сьмерці традыцыйныя стараверы не баяцца, таму і рыхтуюцца да яе безтрывожна: “сьмератное адзеньне”, як віцебскія стараверы называюць касьцюм, які апранаюць у нябыт, рыхтуюць загадзя, некаторыя нават і дамавіну маюць на гарышчы. Стараверкі-бабулькі лічаць, што чалавек “вінен пра сьмерць думаць кожную хвіліну, думаць і рыхтавацца да яе”. Сустракаюць сьмерць бяз сьлёзаў, бо то грэх: “навошта плакаць, калі чалавек да бога йдзе? Гэтаму трэба радавацца!”1. Яны ўпэўненыя, што падрыхтоўка да сьмерці не накліча хуткую сьмерць. Жыў яшчэ нядаўна ў Віцебску адзін стары старавер, які тры труны сабе зрабіў, але ж так і не пахавалі яго ў іх, бо паміралі іншыя і для пахаваньня іншых аддаваў труны. Варта адзначыць, што раней стараверскія труны адрозьніваліся ад праваслаўных і каталіцкіх: аб гэтым піша У. Сысоў2. Яшчэ да другой і пад час другой сусьветнай вайны беларускія стараверы, як сьведчаць сучасныя віцебскія папоўцы, выраблялі гэтак званыя труны-“доўбанкі”, пераважна з сасны ці яліны, бо дрэвы гэтыя смалістыя, пахкія (і ніколі з асіны). Раней, калі труны вырабляліся самі, то ўсе стараверы старога веку мелі на гарышчы труны. У праваслаўных беларусаў Віцебшчыны гэткага не было ці вельмі рэдка. Пры гэтым неабходна адзначыць адну важную прыкмету, зьвязаную з труною: можна загадзя набыць яе, але ні ў якім разе няможна жартам класьціся ў яе, бо тады на працягу года чалавек гэты памрэ. Так гаворыць прыкмета.

У эмацыянальным пляне стараверы мужна, цьвяроза сустракаюць сьмерць, без галашэньняў. Калі ў беларусаў Падзьвіньня, як адзначаюць сучасныя дасьледнікі гэтага рэгіёну3, галашэньне ці хаця б плач – абавязковае суправаджэньне хаўтураў, то ў старавераў, сучасных прынамсі, дадзенай зьявы не назіраецца. Галашэньні па нябожчыку ўспрымаюцца нэгатыўна як сваякамі, гэтак і духоўным кіраўніцтвам. Віцебскія стараверкі зазначылі, што “галосяць звычайны тыя, хто не любіў, не шкадаваў нябожчыка. Бо калі шкада памерлага, то гэткая журба адолеець, сьціснець, што будзеш маўчаць”4. І потым лічыцца, што галосячы, як плачучы, дарэчы, па нябожчыку “нячысьцік чуе гэта і зьяўляецца ў хаце памерлага”. Таксама некаторыя віцебскія стараверкі дадаюць: “Што памёрлага шкадаваць? Трэба жывога шкадаваць і цаніць”5. Стараверы пэнсыйнага веку часьцяком нават зайздросьцяць памерлай асобе і вучаць маладых сьмела і трывала сустракаць сьмерць. Пра сьмерць гавораць, нічога не ўтойваючы. З маленства рыхтуюцца да сьмерці, пры гэтым няможна сказаць, што стараверы зачараваныя, як некаторыя містыкі, ідэяй сьмерці, яны проста ўспрымаюць яе як нармальнае, непазьбежнае завяршэньне жыцьця: “усім нам там быць”, “адтуль выйшлі, туды і вернемся”, “зямелька мяккая, там будзе добра качацца” і г. д.

З размоваў са старэйшымі стараверамі ніколі не чуў, каб у іх паўстаў страх сьмерці, штораз заўвагі аб тым, што “сьмерць наша наробіць клопату родным”, але ж страх ні разу не выяўляўся. Нябожчыкаў не баяцца, у мітычнага нячысьціка ня вераць, кажуць, што варта баяцца жывых, “якія цяпер за нячысьціка” (“цяперашнія людзі адабралі ўсю работу нячысьцікаву, ім цяпер і няма чаго рабіць”). Як шкадаваньне, галашэньне па памерлых, страх сьмерці, падаецца, калі не забаронены, то ўспрымаецца нэгатыўна ў стараверскай грамадзе.

У самой хаўтурнай абраднасьці старавераў шмат агульнага з беларускай хаўтурнай абраднасьцю: стараверам таксама вядомыя умоўныя, безумоўна, 8 этапаў пахавальнага цыклю, апісаныя У.М. Сысовам6 (рытуальныя дзеяньні ў першую пасьмяротную гадзіну, падрыхтоўка нябожчыка да пахаваньня: абмываньне і пераапрананьне, выраб труны, наведваньне роднымі і суседзямі памёршага, вынас труны з хаты, шэсьце пахавальнай працэсіі, падрыхтоўка магілы і пахаваньне, памінальны стол), хаця ва ўсіх васьмі заўважаюцца пэўныя адрозьненьні. Першапачаткова варта адзначыць, што ў старавераў больш рэглямэнтаваныя правілы пахавальнай абраднасьці, чымся ў каталікоў, праваслаўных ці пратэстантаў. Так напрыклад, грэх паміраць на печцы ці ў лазьні – тых, хто памёр там, звычайна не памінаюць, як і самагубцаў ці “няхрышчонікаў”. Печка ўспрымаецца як “блудніца”, месца, дзе “качаюцца-адпачываюць”, а таму сьмерць на ёй бачыцца як нізкая, грэшная, недарэчная і нявартая годнага старавера. Лазьня, хоць і “не блудніца”, а ўсё ж-ткі месца бруднае, нячыстае. Мыўшыся ў лазьні, забаронена гаварыць “Спаси Христос” – нагэтулькі лазьня нізкае, недарэчнае месца для падобнай падзякі. Толькі на вуліцы, калі памыцікі йдуць дамоў, можна сказаць “Спаси Христос”. 

Так, напрыклад, рыхтуючы нябожчыка да пахаваньня, ні ў якім разе няможна мыць яго мылам, ані травамі, толькі простаю вадою. Як у некаторых праваслаўных, у старавераў лічыцца, што сваякі ня могуць мыць памёрлага7. Хаця апошнім часам усяляк бывае. Таксама ніколі не пакідаюць нябожчыка аднаго, заўсёды нехта знаходзіцца ля яго і потым бязупынку “чытаецца па ім”. Як толькі пачынаюць служыць па ім паніхіду, труну з нябожчыкам пераварочваюць тварам да абразоў. Магілу капаюць у той дзень, калі ладзяцца хаваць, пры гэтым рыюць яе не надта глыбокую – “у тры лакці”8( лічыцца, калі выкапаеш яміну раней, то нябожчык адчувае гэта і ў тое ж імгненьне, як пачынаюць рыць яму могілку, чэрнее ён у труне). Калі канец сьвету будзе, то лічыцца, што гэтак лягчэй будзе ўзняцца памерлым. Пахавальнае шэсьце адбывалася без кветак, вянкоў (цяпер, праўда, зьяўляецца ў старавераў традыцыя несьці кветкі памерламу). Шэсьце пачынаецца ў першай палове дня (“чым раней, тым лепш”). На могілках адчыняюць труну, “разьвітваюцца” з памерлым, забіваюць труну, зямлю кідаюць (як толькі кіне першы чалавек тры разы каліўкі зямлі, то чалавек канчаткова памірае, а дагэтуль ён яшчэ, хоць і аддзелены ад душы, але лічыцца жывым, так бы мовіць “жывым нябожчыкам”), закапваюць і адразу ж паніхіду ладзяць з куцьцёй і без гарэлкі. Звычая адкупляць зямлю, кідаючы грошы ў яму, не назіраецца. Па вяртаньні з могілак, ладзіцца абед, куды запрашаюцца ўсе. Трэба адзначыць, што па сёньня стараверы прытрымліваюцца былых правілаў: гэтак напрыклад, калі хаўтуры прыпадаюць на пост, то і памінальны абед вінен быць постным. Ніякіх выключэньняў не робіцца. А вось гарэлка дзе-нідзе пранікла ў стараверскі стан: калі жанчыны і цяпер не п’юць гарэлку на памінках, то некаторыя мужчыны не супроць прыгубіць.

Нарэшце, распавядаючы аб своеасаблівасьці стараверскай пахавальнай традыцыі, няможна абыйсьці гэткага цікавага моманту, як пахавальныя крыжы. Адметным момантам зьяўляецца тое, што, напрыклад, беспапоўскія стараверы ўстанаўліваюць крыж на могілцы не ў галаве, як зазвычай робяць праваслаўныя, каталікі ці стараверы-папоўцы, а ў нагах. Гэта прынцыповае разыходжаньне мае свае тлумачэньне: беспапоўцы лічаць, што ў судны дзень, калі і жывыя і памерлыя пойдуць на боскі суд, памерлым будзе лягчэй узьняцца, узяўшыся за крыж у нагах. Таксама не абмінем эстэтычнага боку стараверскіх памінальных крыжоў: кожны, хто трапляе на г.зв. “маскоўскія могілкі”, заўважае спэцыфічныя васьміканцавыя крыжы з тытламі, з надпісамі на цэркоўна-славянскай мове. Агароджа, цывільныя каменныя манумэнты, клюмбы, кветкі зазвычай адсутнічаюць (хоць апошнім часам зьяўляюцца) на стараверскіх могілках, там дамінуе строгі мінімалізм у аздабленьні, што цалкам адпавядае стараверскаму ўяўленьню аб простасьці і стрыманасьці зямнога жыцьця.

Своеасаблівасьць пахавальных традыцыяў старавераў Беларусі можна таксама праілюстраваць на прыкладзе пахавальнага касцюма.

 

А) Жаночы абрадавы пахавальны касьцюм (“сьмератное адзеньне”) складаецца з наступных прадметаў:

1) даўгая белая сарочка ці яшчэ рубаха з ільну, бавоўны ці паркалю (але ж пераважна з ільну). Выкарыстаньне штучнай тканіны забаронена, бо неабходна, каб сарочка раскладалася разам з целам памерлага;

2) баян (сарафан) на брэтэлях, якія ззаду перакідваюцца лягушкай (“лягвай”) (таксама з ільну);

3) пахавальны абутак: у мінулым анучы і лáпаткі (з ільну), у сучасны пэрыяд замест лáпатак абуваюць простыя крамныя тапці (лáпаткі – своеасаблівыя шкарпэткі-тапці, зробленыя саматужным шляхам).

4) хустка сьветлая і чапец; няможна ў цёмнай ці пярэстай, бо лічыцца, што колер не вінен раздражняць вока. Плямы ці кветкі на тканіне забароненыя; меркавалі, што жанчына, апранутая ў стракатае, будзе датуль стаяць на тым сьвеце на сонцы, пакуль ня зьнікнуць, ня выгараць плямы9.

5) абавязковай часткай пахавальнага касцюма зьяўляецца паясок, які сымбалізуе падпарадкаванасьць боскай волі, а таксама выконвае аберагальную функцыю. Усе элемэнты пахавальнага касьцюма ўкладваюцца ў саван, у які звычайна кладуць нябожчыка.

6) Для пахавальнага касьцюма абавязковы наступныя аксэсуары:

а) вянечак (паперавы);

б) падарожная;

в) лестаўка (стараверскі ружанец).

 

Б) Мужчынскі пахавальны касьцюм10 складаецца з:

1) Кашулі-касавароткі з паяском;

2) Нагавіцаў;

3) Іншы раз ужывалі анучы і лáпаткі з ільну, радзей замест лáпатак пáсталы (пáсталкі – своеасаблівыя шкарпэткі-тапці з матузамі);

Колер пахавальнага адзеньня – сьветлы, г.зн. пераважна белы, радзей бела-шэры. Выкарыстаньне чорнага колеру забаранялася. Лічылася, што калі ў чорным пахавалі чалавечка, то маці нябожчыка павінна будзе столькі плакаць, пакуль чорны пахавальны касьцюм не зьбялее. Белы колер атаясамляецца з нябожчыкам – не дарам жа гавораць у народзе: “белы як памерлы”. Гэтуль, як відно, стараверы прынцыпова адрозьніваюцца ад сучасных праваслаўных, каталікоў ці атэістаў, у якіх традыцыйна чорны колер сымбалізуе хаўтуры і хаўтурны строй у прыватнасьці. Хаця, белы колер, як заўважае Я. Крук, раней прысутнічаў ва ўпрыгожваньні труны і ўбраньні нябожчыка ў праваслаўным і каталіцкім атачэньні11, таксама белы ручнік, накінуты на вакно ад вуліцы ці на браму, абвяшчаў аб сьмерці ў сям’і. Праўда, сёньня гэтая традыцыя пакрысе губляецца, хаўтуры сучасныя беларусы ладзяць усё часьцей і часьцей “па-гарадзскому”: белы колер саступіў месца ўсім іншым. Стараверы таксама значна зыначыліся, купляюць крамную пахавальную вопратку, тым не мянш старыя людзі і вельмі часта стараверы сярэдняга веку, асабліва ў вёсках і мястэчках, як мне ўдалося заўважыць у час шматлікіх экспедыцыяў па Паазер’і ў 2002-2005 гадах, перавагу аддаюць беламу колеру. Гэткім парадкам, можна сказаць, што першапачаткова і стараверы, і праваслаўныя апраналі нябожчыкаў у белае, але ж зь цягам часу і пад уплывам цывільных традыцыяў, праваслаўныя, ня ўмеючы гэтак упарта супроцьстаяць новым павевам, як стараверы, страцілі пэўную частку сваёй традыцыйнай культуры, тады як ужо ўзгаданыя стараверы, яе захавалі ў лепшым, хоць і не ідэальным стане.

На сучасным этапе пераемнасьць хаўтурнай традыцыі мясцовых старавераў парушана тэндэнцыяй да зьмяшання, да пераходу да агульнага, так бы мовіць “цывільнага”, “сьвецкага” пахаваньня. Так маладыя стараверы з адыходам ад рэлігійнасьці губляюць шматлікія традыцыі, пахаваньня між іншым, што будуюцца традыцыйна на простай веры. Пакуль жа, дзякуючы старым генерацыям стараверства, мы яшчэ маем шанец назіраць спэцыфіку стараверскай пахавальнай абраднасьці, якая заключаецца ня толькі ў захаваньні пэўных архаізмаў, уласьцівых усім усходнеславянскім культурам, як то белы колер пахавальнага касьцюма ці прытрымліваньне пэўнай формы пахавальнага касьцюма як для мужчынаў, гэтак і жанчынаў, нягледзячы на ўплыў цывільнай і рэлігійна нейтральнай культуры, але ж і ў новатворным: паступовае прыстасаваньне да ўмоваў сучаснасьці і частковае прыняцьце агульнанацыянальных нормаў у пахавальнай традыцыі – уніфармізацыя, пераход на крамную, а не саматужную пахавальную вопратку. Цікава, што ўніфармізацыі асабліва падуладны мужчынскі пласт культуры (цяпер мужчынскі пахавальны строй складаецца цалкам з крамнага адзеньня), тады як менавіта жаночы пахавальны касьцюм застаецца найбольш захаваным і запатрабаваным. Натуральна, маладыя генерацыі старавераў – што мужчыны, што жанчыны – аднолькава бездапаможныя перад тэндэнцыяй да зьліцьця пахавальных культураў старавераў і праваслаўных галоўным чынам, а таксама каталікоў. Тэндэнцыя да асыміляцыі асноўнай часткі беларускага стараверства ахапіла ўсе без выняткаў пласты культуры, таму на сяньняшнім этапе як ніколі варта вылучыць і запомніць спэцыфічныя рысы іх багатай і дзівоснай культуры.

 

Спасылкі:

1 Матэрыялы экспедыцыяў аўтара. Палявы сшытак № 3. С. 12.

2 У.М. Сысоў, Беларуская пахавальная абраднасць, Мінск, 1995. С.

3 Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Том 2. Віцебскае Падзвінне. Мінск, 2004. С. 378-379.

4 Матэрыялы экспедыцыяў аўтара. Палявы дзёньнік № 1. С. 21-22.

5 Тамсама.

6 У.М. Сысоў, Беларуская пахавальная абраднасць, Мінск, 1995. С.

7 Матэрыялы экспедыцыяў аўтара. Палявы сшытак № 2. С. 9.

8 Тамсама.

9 Матэрыялы экспедыцыяў аўтара. Палявы сшытак № 3. С. 8.

10 Апісаньне мужчынскага пахавальнага касьцюма тут падаецца з улікам спэцыфікі стараверска-папоўскай культуры, якая часткова адрозьніваецца ад больш папулярнага беспапоўскага, дзе, як вядома і з досьведу лінгвістаў, і з доьсведу этнолягаў, сустракае