Дзягілёнскія могліцы

Вэраніка Матусэвіч
05.11.2014

Старыя Панскія могліцы знаходзяцца ў вёсцы Дзягільні, былым маёнтку роду Янушкевічаў, на Койданаўшчыне.

Сама вёска мяжуе зь Дзяржынскам,  раскінулася паабапал дарогі, што вядзе з гораду да Рубяжэвічаў. Вядомая з XVI ст. У пачатку 2004 Дзягільня налічвала 378 жыхароў.

Верагодна, могліцы і заснавалі Янушкевічы ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, бо фамільны склеп месьціўся першым ад могілкавай мяжы-ірву, а даты на ацалелых помніках радзіны – найстарэйшыя.

Зрэшты, помнікі захаваліся лічаныя. Колькі неапрацаваных польных камянёў, яміны на мейсцы пахавальных скляпоў Янушкевічаў і сям’і пецярбурскага тайнага саветніка Канстанціна Аляксеевіча Вашчыніна, уладальніка Дзягільні ад 1878, правалены ў зямлю помнік Паўлу Альфібовіцу, адзін камень зь беларускамоўным надпісам – Міхаілу Васілевічу Калесьніку, памерламу ў 1882 (надпіс пэўна зроблены пазьней), друз чырвонай цэглы. Амаль усе помнікі, цэгла са скляпоў былі расьцяганыя навакольнымі жыхарамі на жорны, падмуркі хатаў (надмагільны камень Франьцішка Гжыбоўскага, памерлага ў 1875, знайшоў у падмурку купленай ім у 1989 халупы Іван Сьцяпанавіч Чэрнік з хаты № 125); чыгунныя пліты з пахаваньня Вашчыніных нават скарыстаныя ў пабудове печы (хаты №№ 125, 127); магілы - разрабаваныя. Могліцы зьдзічэлі без догляду, зарасьлі ляшчынаю, і тубыльцы мяхамі насілі адсюль гарэхі.

Шмат люду перабывала тут зь іншае нагоды. Прыяжджалі часта з-за сьвету, каб адшукаць мейсца астатняга спачыну Адольфа Янушкевіча (1803-1857) – аднаго з духовых Водзцаў Лістападаўскага Паўстаньня. У 1968 годзе быў тут Януш Адрованж-Пенёнжэк з Польшчы, а празь дзесяць гадоў – Фаіна Сьцеклова з Казахстану. Пабачылі адно вытырклы зь зямлі край пліты Тэклі Янушкевічавай, абвіты калючым дротам, і пачулі мясцовыя байкі, нібыта зьнявечылі могліцы немцы.

Супольнасьць, зьяднаная Ганнаю Матусэвіч, прыйшла сюды ў 2006. Пад кіраўніцтвам Міколы Крывальцэвіча былі ўшчаты архэалягічныя працы і знойдзены тры пліты Адольфавай радзіны – маткі Тэклі, братоўкі Марылі і пляменьніка Міхала, паўстанца-каліноўца. Помніка самому Адольфу не ўдалося адшукаць, магчыма, яго й не было, а эпітафія, як сьведчыць кніга, выдадзеная братамі выгнанца ў Парыжы (1861) і Бэрліне (1875), месьцілася на сьценах склепу. Пліты былі ўсталяваны на пастамэнтах, пастаўлены вялікі драўляны крыж і шыльда пры ўваходзе на могліцы. Ганна Матусэвіч пераклала й выдала “Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго Лісты з кіргіскіх стэпаў” кірыліцай (2008) і лацінкай (2009). 3 кастрычніка 2012 разьбяры Валяр’ян Янушкевіч ды Ігар Засімовіч усталявалі валун, дзе аднавілі эпітафію Адольфу Янушкевічу, складзеную Антонім Эдвардам Адынцом. Праз год, 2.X.2013 Ігар Засімовіч прымацаваў да сьцяны будынку, ацалелага зь Янушкевічавага маёнтку, памятную шыльду з надпісам: Da radzinnaha majontku Dziahilni ŭ 1856 viarnuŭsia z Sybiry  Adolf Januškievič (1803-1857). Adzin z Vodzcaŭ Listapadaŭskaha Paŭstańnia 1830-1831, jaki natchniŭ Juljuša Słavackaha stvaryć Pieśniu Litoŭskaha Legijonu. Vyhnańnik i daślednik kirhiskich stepaŭ, ciapierašniaha Kazachstanu. Над плітою Тэклі Янушкевічавай узвысілася каплічка з абразом Маткі Боскай зь Дзіцем аўтарства Валяр’яна Янушкевіча. Дасьледніца жыцьця й творчасьці Адольфа Янушкевіча Халіна Гэбэр з Варшавы дапамагала духова ды інфармацыйна руху адражэньня памяці пра гэроя, забытага на сваёй Айчыне. Да 210 рочніцы Адольфа Янушкевіча была створана прэзэнтацыя http://www.youtube.com/watch?v=IEy3w8V7q7k&feature=youtu.be

Сем гадоў улады моўчкі сачылі за працаю, што чынілася ў выходныя дні цалкам  ўласным коштам, але не далучаліся. У лістападзе 2013 яны скарысталіся зь візыту казаскай дэлегацыі, якая прыехала ўшанаваць Адольфа Янушкевіча – народнага гэроя Казахстану, – каб упершыню на афіцыйным узроўні адзначыць ягоны юбілей. Могліцы былі ўпарадкаваны, перад валуном разрэзана стужка, пасаджаны дрэвы, урачыста ўскладзены кветкі да помнікаў і памятнае шыльды. Але пасьля ўшчаліся рэпрэсыі: пастаноўлена было дэмантаваць шыльду з будынку, бо “тема восстания сейчас не актуальна” і “па-польскі напісана, непанятна” (надпіс выкананы нашаю лацінкаю), а гаспадара прадпрыемства, што там знаходзіцца, пакараць штрафам за самаўпраўства. Адольфа Янушкевіча заміж выгнаньніка тытулююць падарожнікам ды яшчэ “славутым беларусам” – такому пярэкруту ён бы надта абурыўся. У дзяржаўнай прэсе зьявіліся агідныя публікацыі, якія ўхвалялілі… не-не, не Адольфа Янушкевіча, а сучаснага дэпутата Уладыслава Станіслававіча Цыдзіка, які памкнуўся прысвоіць чужыя дасягненьні. А ў красавіку 2014 у Інстытут гісторыі НАН прыслалі ліст зь Мінскага абласнога выканаўчага камітэту, каб (sic!) вызначылі "жизненную ориентацию Адольфа Янушкевича". У адказе напісалі, што "жізненная оріентацыя" у яго была харошая.

 

Эпітафіі

Адольф Янушкевіч (9.VI.1803 – 18.VI.1857 (н. ст.)). Эпітафію для Адольфа Янушкевіча склаў Антоні Эдвард Адынец.
         На сьцяне сьпераду:
ADOLF JANUSZKIEWICZ
UR. 1803 MAJA 28 DNIA. UM. 1857 CZERWCA 6 DNIA.
Z ducha, serca i myśli; z cnót, ofiar i czynów,
Bóg nie miał sług wierniejszych, kraj – godniejszych synów.
Obywatel, z wyznawcy niezachwianą siłą,
Przechodniu! nie zań tylko nad jego mogiłą,
Lecz módl się i za siebie: By przezeń uprosić
Tak żyć, wierzyć i kochać; tak cierpieć i znosić.
На правай старане збоку:
“Сhoć przed oczyma ludzkiémi męki cierpiał, wszakże nadzieja jego nieśmiertelności pełna jest.”/Sap. 3. 4.
(Сьведчаньні з кнігі Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego Listy ze stepów kirgizkich; Парыж, 1861)

Тэкля з Сакалоўскіх Янушкевічава, матка Адольфа (29.IX.1778 – 11.X.1860)
D. O. M./S. P./Tekla/z/Sokołowskich/Januszkiewiczowa/Ur. 1778 R. Września 29 dnia/Zmarła 1860 Pazdziernika 11 d./tu/w BOGU spoczywa./Гэрб Любіч/Sculp Fainn (?) w Mińsku

Міхал Янушкевіч, сын наймалодшага брата Адольфа Януарага і Марылі з Булгарынаў, паўстанец-каліновец (17.VII.1841 – 31.VIII.1866)
Michaelis/Januszkiewicz/natus est 1841/Julii 17/obiit 1866 a./Augusti 31 d.

Марыля з Булгарынаў Янушкевічава, жона Януарага (1823 - 27.IX .1880)
S. P./Maryia/z Bułharynów/Januszkiewiczowa/Żyła lat 56/Um. 1880 r. Września/27 d.