Адольф Янушкевіч

Вэраніка Матусэвіч
28.12.2014

Адольф Міхал Валяр’ян Юльян Янушкевіч (9.VI.1803 – 18.VI.1857) – адзін з Водзцаў Лістападаўскага Паўстаньня, сыбірскі выгнаньнік і дасьледнік кіргіскіх стэпаў, цяперашняга Казахстану. Брат Эўстахага, кнігавыдаўцы-эмігранта і Рамуальда-тавянчыка. Прататып Адольфа ў III частцы Дзядоў Адама Міцкевіча.

Адольф Янушкевіч нарадзіўся 9 чырвеня 1803 року ў Нясьвіскім замку ў сям’і Радзівілавага паўнамоцніка Міхала Мэрла Янушкевіча гэрбу Любіч і Тэклі з Сакалоўскіх, унучкі роднай сястры Тадэуша Касьцюшкі Анны. Да хросту яго трымаў Міхал-Гэронім Радзівіл.

Першыя яго гады прабеглі ў вёсцы Ўсаве непадалёку ад Копылю, у часе вакацыяў школьных і ўнівэрсытэцкіх бавіўся ў Сьвятым Двары пры Немне (на сучаснай Узьдзеншчыне), а ў 1821 Янушкевічы набылі на дзедзіцтва маёнтак Дзягільню, што ля Койданава.

Па сканчэньні трох пачатковых клясаў у даменіканскай школе ў Нясьвіжы, быў узяты за выхаванца бязьдзетным дзядзькам, Падкаморым Міхалам Янушкевічам да вёскі Краснае ў Ямпольскім павеце Падольскай губэрні. З 1819 да 1821 вучыўся ў Віньніцкай гімназіі.

У 1821 - 1823 Адольф слухаў курсы на літаратурным аддзяленьні Віленскага ўнівэрсытэту. Належаў да блізкага філярэтам Блакітнага Кола. У часе расправы над філяматамі (кастрычнік 1823 - кастрычнік 1824) Адольф чувае ў Вільні. У траўні 1825 разам зь Леонам Рагальскім зьдзяйсьняе падарожжа да Пэтэрсбургу, дзе сустракаецца з будучымі дзекабрыстамі.
З 1826 да 1829 займае пасаду дэпутата Цывільнай Палаты Галоўнага Суду ў Камянцы на Падольлі. Тут улетку 1827 спаткаў сваю нарачоную Стэфанію Гіноўскую.

Увесну 1829 ад’яжджае да Карлсбаду на лекаваньне. Паўтары гады бавіць час у Заходняй Эўропе, папраўляе здароўе. У жніўні 1829 адбылася першая загранічная сустрэча Адольфа з Адамам Міцкевічам, у лютым 1830 яны зноў спатыкаюцца ў Рыме, і амаль цэлую вясну 1830 іхныя шляхі часта перакрыжоўваюцца ў розных мясьцінах Італіі, покуль у траўні не разьвіталіся назаўжды. 
Улетку 1830, вяртаючыся дадому, адчувае подых рэвалюцыі, Ёахім Лелявэль адчыняе прад улюбёным вучнем дакладныя зьвесткі. У верасьні таго самага року Адольф некалькі дзён кватэруе ў Юльюша Славацкага ў Варшаве на вуліцы Электаральнай, 11. Натхнёны Адольфам, паэта стварае Песьню Літоўскага Легіёну - Гімн, каторы будзіць Ліцьвінаў і належыць да малога ліку праўдзіва паэтычных твораў Лістападаўскай Рэвалюцыі [1].

З Варшавы Адольф пасьпяшаўся на Падольле, каб пераказаць заклік да прыгатаваньняў; у сьнежні 1830, даведаўшыся пра выбух Паўстаньня, паімчаў празь Дзягільню да Вільні, адкуль з братам Эўстахім выехаў да Коўні, дзе пешшу перабраўся па лёдзе за Неман і рушыў праз Аўгустоўскія да Варшавы. Прыбыў туды напрыканцы студзеня 1831 і адразу ўзяўся за палітычную працу, працяўшыся ідэяй Маршу за Буг, якую Народны Жонд не падтрымліваў. Адзін з найчыннейшых памочнікаў Аляксандра Вэрэшчыньскага, 3 лютага 1831 Адольф быў выбраны ў склад Арганізацыйнага Камітэту Легіёнаў Літвы, Валыні, Падольля і Украіны, які месьціўся ў палацы Мастоўскіх (пазьней фармацыя абмежавалася да адной Літоўска-Валыньскай  Легіі). Ад’ютантам кіраўніка Коннай Легіі ў сакавіку 1831 выправіўся на вайсковую лінію і паранены трапіў у палон пад Мацяёвіцамі, дзе пацярпеў паразу 10 кастрычніка 1794 і прадзед Тадэуш Касьцюшка.
Пераняўшы ўзор слаўнага продка, Тадэуша Касьцюшкі, Адольф разам з братамі Эўстахім і Рамуальдам прыймаюць чынны ўдзел у Лістападаўскім Паўстаньні; у сваю чаргу іхны пляменьнік Міхал Янушкевіч, сын наймалодшага з братоў, Януарага, далучаецца да Паўстаньня Канстантага Каліноўскага, за што на радзінны маёнтак Дзягільню накладаецца сэквэстар [5].
…Праз усё лета Адольф ішоў пешшу разам зь іншымі палоньнікамі зь Берасьця да Вяткі.

Напрыканцы 1831 быў прывезены да Кіева, дзе, замкнёны ў казаматах Кіева-Пячорскай цьвердзі, чакаў выроку суду. Не бракавала моцнага за яго заступніцтва, якое магло яго вызваліць; Ёахім Лелявэль намагаўся зрабіць абмен на расейскага палоньніка,  аднак сам Адольф пастанавіў іначай. Пастаўлены прад сьледчай камісыяй, перацінаючы ўсякія вышукваньні прычынаў і каляінаў, якія прывялі яго да “бяздумнага” і ніколі дарэшты “не даравальнага” ўчынку, заўсёды адказваў: што ўчыніў, тое ўчыніў сьведама, з вольнай волі, зь нязьменнага перакананьня, і абавязкам кожнага добрага сына Айчыны ест афяраваць усё ейнай справе.

Даклярацыя сьведамай волі і нязьменнага перакананьня сталася адразу падставай для суворага выроку, потым -  як паказаў час – нязломным запорам да найвышшага ўласкавеньня. Імпэратар меў яе ў руцэ на рэестры польскіх засуджаных выпісанай даслоўна побач з фаміліяй Адольфа Янушкевіча [1]. 4 сакавіка (ст. с.) 1832 суд пад кіраўніцтвам фэльдмаршала графа Дзьмітрыя Остэн-Сакэна выдаў Адольфу сьмяротны вырак, які пазьней быў зьменены на пазбаўленьне шляхэцтва, канфіскацыю усёй маёмасьці і выгнаньне ў Сыбір. 18 траўня прыбыў да Табольску.
У зьвязку са спробаю маладых палітычных выгнанцаў узьняць на Сыбіры паўстаньне, Адольф, зь якога хоць былі зьнятыя ўсялякія абвінавачаньні, паводле прадпісаньняў ураду, мусіў ад’ехаць напрыканцы 1833 року ў вёску Жэлякоўку ў ішымскім павеце за 360 вёрст ад Табольску, але пазьней здолеў пасяліцца настала ў Ішыме. У гэтым часе заручаецца са Стэфаніяй Гіноўскай, абмяняўшыся зь ёю шлюбнымі пярсьцёнкамі ў паштовых пакунках.

Заручыны трываюць пяць гадоў. Адольф, усьведамляючы сваё бяспраўнае становішча, цяжкі сыбірскі побыт і няпэўнасьць будучыні, усяляк адгаворвае Стэфанію ад шлюбу. Урэсьце, напачатку 1837 Стэфанія вяртае яму пярсьцёнак і выходзіць замуж за былога галоўнага вайсковага лекара ў Лістападаўскім Паўстаньні Караля Качкоўскага, якому ўдалося ўнікнуць пакараньня. Зрэшты, доля жоны выгнанца Стэфанію не абмінула: па Паўстаньні 1863-64 яна з мужам была выслана ў Валуйкі Варонескай губэрні, дзе памерла ў ліпні 1865.

У выгнаньні Адольф вядзе шырокую карэспандэнцыю, зьбірае ў сваім доме бібліятэку для выгнанцаў. У Ішыме пазнаёміўся з паэтам-дзекабрыстам Аляксандрам Адоеўскім, які афяраваў яму тры свае вершы: А. М. ЯНУШКЕВИЧУ, разделившему со мною ветку кипарисовую с могилы Лауры; Ты знаешь их… і верш да альбому Пусть нежной думой… У Ішыме зачалося сяброўства Адольфа з Густавам Зеліньскім, выгнанцам і будучым аўтарам Кіргіза. Тутсама Адольф пераклаў з францускай 2 тамы Гісторыі заваяваньня Англіі Нарманамі, працы Аўгустына Т’еры (захаваўся I том). 
Наступным местам выгнаньня быў Омск, дзе Адольф пражыў 12 гадоў (1841-1853). Адольф быў адноўлены ў асабістых правох і атрымаў дазвол разам з Паўлам Цяплінскім, паўстанцам-выгнаньнікам з Горадні, паступіць на службу у штат канцылярыі Омскага акруговага суду. Ад 1842 абодва Літвіны былі пераведзеныя да канцылярыі Пагранічнага Ўпраўленьня “сыбірскімі кіргізамі”.
Адольф, неўзабаве назначаны сакратаром Камітэту “па складаньні праекту кіргіскага права”, у чырвені 1843 і 1845 адбывае кароткія  камандыроўкі ў “кіргіскія стэпы”, ці абшары сучаснага Казахстану. У 1846 року туды накіроўваецца вялікая экспэдыцыя на чале з пагранічным начальнікам гэнэралам Мікалаем Вішнеўскім з мэтаю сустрэцца на рацэ Лепсе (рака Лепсы на паўднёвым усходзе Казахстану) зь пяцёма султанамі Вялікай Арды і прыняць іхныя плямёны ў расейскае падданства, а таксама перапісаць люднасьць і жывёлу ў Сярэдняй Ардзе. 8 траўня Адольф у складзе экспэдыцыі вырушыў з Омску, шляхам празь Сяміпалацінск і Аягуз дасягнуў 19 чырвеня да мейсца сустрэчы на Лепсе, ад гор Алатау вярнуўся да Тарбагатаю і кітайскага памежжа і спусьціўся да возера Балхаш. Усярэдзіне кастрычніка экспэдыцыя прыбыла назад да Омску. Праз увесь час паўгадовага падарожжа, ледзь толькі ўправіўшыся са службовымі абавязкамі, Адольф вёў дзёньнік і пісаў лісты крэўным і сябром, дзе дакладваў пра шлях выправы, назвы мясьцінаў, якія яна мінала,   адлюстроўваў найцікавейшыя свае назіраньні з жыцьця Казахаў і прыроды краю, пазнаючы тутэйшы фальклёр, крэсьліў слоўныя партрэты даўных батыроў, натаваў паданьні, узоры казаскай народнай паэзіі, пераказаў нават творы знакамітых акынаў, якія здарыліся яму ў стэпах, пакінуў дасьціпныя радкі пра ойца вялікага Абая, Кунанбая. Пры цяжкасьцях перакладу Адольфу дараджваў ягоны сябар з выгнаньнікаў, палкоўнік, што кіраваў перапісам, Віктар Івашкевіч, які дасканала валодаў казаскай мовай. Выняткі зь Дзёньніку падарожжа і лісты з таго пэрыяду склалі другі том “Жыцьця Адольфа Янушкевіча…”, менавіта Лісты са стэпаў кіргіскіх і сталіся ў будучыні найдасканалейшай пісьмовай крыніцай ведаў пра Казахаў сярэдзіны XIX стагодзьдзя.

У 1849, атрымаўшы ранг калескага рэгістратара, Адольф мусіў сыйсьці са службы праз пагоршаны стан здароўя.

На працягу чвэрці стагодзьдзя матка, Тэкля з Сакалоўскіх Янушкевічава складае нямала просьбаў да Мікалая I, шмат высокапастаўленых асобаў стараюцца аб звальненьні выгнанца, начальнікі скіроўваюць пазытыўныя характарыстыкі свайго бездакорнага службоўца. Усе захады застаюцца марнымі… Падманутыя надзеі Адольф цяпер перажывае яшчэ цяжэй, калі век і хваробы даюцца яму ў знакі.

У 1853 Адольф дзякуючы стараньням брата Эўстахага перасяліўся ў Ніжні Тагіл, дзе працуе бібліятэкарам, інспэктарам саду, зьбірае калекцыю камянёў і расьлінаў для музэю, вядзе мэтэаралягічныя і астранамічныя назіраньні ва ўладальнях расейскага заводчыка і пасла, графа Анатоля Дзямідава, а таксама парадкуе пісьмовую спадчыну гісторыка Мікалая Карамзіна. Андрэй Карамзін, сын Мікалая і муж Аўроры, удавы па Паўлу Дзямідаву, ягоны сакратар Юзэфат Агрызка шчыруюць у Пэтэрбурзе аб звальненьні для Адольфа, сам граф Анатоль пільнуе гэтай справы з замежжа, але ўсё бяз выніку. Становішча выгнанца абцяжарана яшчэ й тым, што Адольфавы браты-паўстанцы, Эўстахі й Рамуальд, здолелі ўцячы ад расправы і знаходзяцца ў Францыі.
Вызваленьне Адольфа зрабілася мажлівым толькі па сьмерці 2 сакавіка 1855 року цара Мікалая I. Аўрора Карамзіна ўсьлед напісала ліст да царовай удавы Аляксандры, і нарэсьце воляю імпэратрыцы выгнаньнік па 25-гадовай высылцы атрымаў дазвол вярнуцца на Айчыну.

21 ліпня 1856 Адольф прыбыў да Дзягільні цяжкахворы. Праз год, 18 чырвеня 1857 року памёр з сухотаў і быў пахаваны тут на фамільных могліцах. У койданаўскім касьцеле на пахавальнай імшы ксёндз Віктар Малевіч прамовіў адметнае казаньне, Антоні Эдвард Адынец стварыў эпітафію. Унівэрсытэцкі Адольфаў калега Фэлікс Вратноўскі ўклаў перададзеныя зь Дзягільні лісты выгнанца да радзіны, а браты Эўстахі й Рамуальд выдалі кнігу ў двух тамох Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego Listy ze stepów kirgizkich (Парыж, 1861; Бэрлін 1875).

    Крыніцы:
1. Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго Лісты з кіргіскіх стэпаў. I том. Пераклад Ганны Суднік-Матусэвіч. — Менск: Мэдысонт, 2008 (кірыліцай); 2009 (лацінкай)
http://tonkoblako-9.net/docs/lmwkl/AJanuszkiewicz.pdf
2. Adolf Januszkiewicz. Listy z Syberii: Wybόr, opracowanie i przypisy Haliny Geber; Przedmowa Januszа Odrowąż-Pieniążkа. – Warszawa: Czytelnik, 2003;
3. Адольф Янушкевич. Дневники и письма из путешествия по казахским степям. Перевод с польского Фаины Стекловой. Алма-Ата, „Казахстан”, 1966;
4. Adolf Januszkiewicz. Listy ze stepów kirgiskich i dziennik podróży: opracowanie Haliny Geber; wstęp Januszа Odrowąż-Pieniążkа. – Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze; seria wydawnicza „Biblioteka Zesłańca”, 2013;
5. Яўстафій Янушкевіч. Успаміны (1805-1831). Укладаньне, пераклад з польскай, уступ Вольгі Гарбачовай. – Менск: “Лімарыюс”, 2011.
6. Дело о выкупе земли крестьянами из имения Дзягильна помещика Янушкевича, 31.10.1864 – 11.09.1912: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: ф. 1595, в. 2, с. 1665, аркуш 22;
7. Да 210 рочніцы Адольфа Янушкевіча, 9.VI.2013 http://www.youtube.com/watch?v=IEy3w8V7q7k&feature=youtu.be

 

Картка пахавання тут: http://niekropali.by/kartka/1942