Стан і захаванне воінскіх пахаванняў Першай Сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.

Аляксандр Вабішчэвіч
09.1.2015

Прыйшоў не з згоды і свабоды весцяй

І – не ўзвялічыць праўду між людзьмі, –

Жыццё мільёнаў ты прыйшоў затрэсці,

Шлях вымасціць свой трупамі, касцьмі.

Я.Купала. 1914-ты

 

На сучасным этапе ў Беларусі ўсё большая ўвага надаецца ўшанаванню памяці воінаў Першай сусветнай вайны. На вялікі жаль, у савецкі час гэтая “імперыялістычная” вайна, якая прынесла беларускім землям велізарныя людскія страты і разбурэнні, не атрымоўвала належнай ацэнкі ў працах даследчыкаў. На працягу многіх дзесяцігоддзяў сярод шэрагу нераспрацаваных праблем гэтай тэмы з’яўляліся  незаслужана занядбаныя воінскія пахаванні. Пачынальнікамі іх даследавання з’явіліся вядомыя айчынныя гісторыкі, архівісты А. Шаркоў, В. Селяменеў, якія ў асобным выданні сабралі звесткі пра 207 месцаў воінскіх пахаванняў Першай сусветнай вайны пераважна ў заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі, зрабілі апісанне і фотафіксацыю 95 такіх месцаў[1]. Паводле іх прызнання, гэта далёка не поўны пералік тых пахаванняў. Важнае значэнне маюць і публікацыі журналіста У. Багданава, прысвечаныя сучаснаму стану і праблеме захавання воінскіх пахаванняў, асабліва яго фотаальбом [2]. Лёс асобных мясцовых могілак ці пахаванняў закрануты і ў розных публікацыях краязнаўчага характару як у рэспубліканскім, так і рэгіянальным друку. Аднак пакуль не атрымалі навуковага асвятлення стан і пытанні захавання воінскіх пахаванняў, вопыт іх добраўпарадкавання на заходнебеларускіх землях ў складзе Польскай дзяржавы ў 1921–1939 гг.

Найбольшая колькасць воінскіх пахаванняў размяшчалася ў тых мясцовасцях заходнебеларускага краю, дзе ў 1915–1918 гг. адбываліся баявыя дзеянні. “Вялікае адступленне” расійскай арміі ў жніўні-верасні 1915 г. прывяло да гібелі мноства яе асабовага складу. У ходзе жорсцкіх і ўпартых баёў за горад-крэпасць Гродна былі адчувальныя страты з двух бакоў. Каля вёскі Селіванаўка з’явілася брацкая магіла 164 расійскіх ваеннаслужачых (іх астанкі перазахавалі на мясцовых праваслаўных могілках у 1995 г.). У гэтай жа вёсцы знаходзяцца нямецкія пахаванні (1 брацкая афіцэрская магіла, 30 індывідуальных пахаванняў салдат). Брацкая магіла расійскіх воінаў (270 чалавек) раскінулася на хутары каля вёскі Зарачанка. Таксама брацкія магілы расійскіх ваеннаслужачых прысутнічаюць на змешаных пахаваннях у вёсках Каўбаскі, Рацічы, Пласкаўцы, Свяцк [3]. У жніўні 1915 г. 2 дні ішлі стрымліваючыя баі расійскіх воінскіх фарміраванняў з наступаючым на Брэст-Літоўск праціўнікам, якія таксама суправаджаліся стратамі (напрыклад, у 2003 г. у мікрараёне Дуброўка г. Брэста былі выяўлены і перазахаваны астанкі каля 1,5 тыс. чалавек двух варагуючых бакоў)[4]. На працягу 3-х дзён (21–23 верасня 1915 г.) адбывалася контрнаступальная аперацыя 31 расійскага корпуса пад Лагішынам на Піншчыне, у выніку якой загінула яго 3,5 тыс. ваеннаслужачых [5]. Як успаміналі жыхары в. Новы Двор сучаснага Пінскага раёна, “пабітых было шмат”, якіх пахавалі ня мясцовых праваслаўных могілках. “Магілу брацкую выкапалі. Без нейкіх там трунаў хавалі. Дно лапнікам выслалі і ўсё на тым. Два бацюшкі тады атпявалі: адзін вайсковы, а другі – з нашай царквы. Крыжоў многа стаяла” [6]

Бязлітасная гібель вайскоўцаў працягвалася і ў наступныя гады. У ходзе Нарачанскай наступальнай аперацыі (сакавік 1916 г.) толькі 2-я расійская армія страціла 78,5 тыс. чалавек, а страты нямецкіх войскаў – 30–40 тыс. чалавек [7]. У час Баранавіцкай (Скробава-Гарадзішчанскай) наступальнай аперацыі (чэрвень-ліпень 1916 г.) статы расійскіх войскаў складалі каля 80 тыс. чалавек (забітыя, параненыя, трапілі ў палон), а страты праціўніка – каля 25 тыс. чалавек [8]. І гэта пералічана толькі частка страт асабовага складу з двух варагуючых бакоў на заходнебеларускіх землях.
Гінулі ваенаслужачыя і на лініі фронту, якая стабілізавалася восенню 1915 г. Асабліва ўпорным і знясільваючым было 810-дзённае супрацьстаянне на Смаргоншчыне – у Смаргоні, “мёртвым горадзе” паводле расійскага друку, а таксама ў Крэве. У Палескім ваяводстве шматлікімі былі воінскія пахаванні ўздоўж Агінскага канала па абодва яго бакі – у Пінскім і Косаўскім паветах. На Піншчыне было не менш 50 такіх пахаванняў, з якіх уцалелі да цяперашняга часу каля 20 – у г. Пінску, а таксама ў вёсках Бакінічы, Дубай, Жабчыцы, Жыдча, Жытновічы, Местковічы, Мокрая Дубрава, Лагішын, Невель, Парэчча, Сошна, Сташаны і інш. [9]. Сярод уцалелых пераважаюць нямецкія ці змешаныя вайсковыя могілкі. Напрыклад, на могілках у парку в. Дубай Пінскага павета было 63 магілы, сярод якіх нямецкіх – 39, расійскіх – 22 (у тым ліку 11 невядомых), не ўстаноўлена вайсковая прыналежнасць – 2 [10].

У Косаўскім павеце нямецкія воінскія пахаванні былі ў Целяханах (на каталіцкіх могілках), Святой Волі, а змешаныя (нямецкія, аўстра-венгерскія, расійскія) – у Няхачава, каля Бярозы-Картузскай [11]. У Драгічынскім і Пружанскім паветах таксама пераважалі нямецкія ці змешаныя пахаванні. Так, на Пружаншчыне нямецкія воінскія пахаванні раскінуліся каля Ружан, Муравы, а змешаныя – у Пружанах (нямецкія, аўстра-венгерскія і расійскія пахаванні каля каталіцкіх могілак) і Слабудцы (нямецкія, расійскія і польскія пахаванні) [12].

Для польскіх улад міжнародныя абавязацельствы аб наглядзе за воінскімі пахаваннямі ўтрымліваліся ў Версальскім дагаворы ад 28 чэрвеня 1919 г. Гарантыя паважлівых адносін і падтрымання ў парадку магіл пахаваных была замацавана ў артыкуле 225 Версальскага дагавора. Былыя варагуючыя бакі пагадзіліся задавальняць просьбы аб перазахаванні загінуўшых у адпаведнасці з палажэннямі нацыянальнага заканадаўства і патрабаваннямі аховы здароўя. Артыкул 226 прадугледжваў узаемныя абавязацельствы прадстаўлення спісаў загінуўшых з усёй інфармацыяй, неабходнай для ўстанаўлення іх асобаў, звестак аб колькасці і месцазнаходжанні пахаванняў [13]. Пэўныя абавязацельствы ўтрымліваў і Рыжскі мірны дагавор ад 18 сакавіка 1921 г. Клопат пра воінскія пахаванні быў замацаваны ў артыкуле ІХ (пункт 3) Рыжскага дагавора. “Два бакі, што дагаворваюцца, абавязваюцца паважаць і адпаведным чынам утрымліваць магілы ваеннапалонных, памерлых у палоне, а таксама магілы салдат, афіцэраў і іншых ваеннаслужачых, якія загінулі ў баях і пахаваны на іх тэрыторыях. Бакі абавязваюцца ў далейшым дазваляць, паводле пагаднення з мясцовымі ўладамі, устаноўку помнікаў на магілах, а таксама эксгумацыю і вываз на радзіму астанкаў нябожчыкаў па ільготнаму тарыфу і пры захаванні пастаноў і правіл унутранага заканадаўства, патрабаванняў народнай аховы здароўя” [14].

Паводле распараджэння польскага ўрада ад 27 жніўня 1922 г. пытанні нагляду за воінскімі пахаваннямі і могілкамі былі ўскладзены на Міністэрства грамадскіх работ Польшчы. Адпаведныя дакументальныя матэрыялы былі перададзены яму 30 снежня 1922 г. ад Галоўнага ўпраўлення апекі за воінскімі пахаваннямі Міністэрства вайсковых спраў Польшчы. На тэрыторыі Заходняй Беларусі на ўзроўні ваяводстваў былі створаны акруговыя дырэкцыі грамадскіх работ. Так, на падставе асобнага рэскрыпта Міністэрства грамадскіх работ з 1 студзеня 1923 г. у Брэсце пры мясцовай акруговай дырэкцыі грамадскіх работ быў створаны асобны сектар воінскіх пахаванняў, якому перайшлі ад камандавання корпуса акругі № 9 (г. Брэст) і камандавання корпуса акругі № 2 (г. Люблін) адпаведныя дакументы, што датычылі воінскіх пахаванняў і могілак. Палескі ваявода С. Даўнаровіч асобным цыркулярам ад 22 лютага 1923 г. загадаў павятовым старастам, органам павятовай дзяржаўнай паліцыі, праўленням гмін аказваць дапамогу і падтрымку структурам, звязаным з клопатам пра воінскія пахаванні, пры выкананні імі службовых абавязкаў [15]. Непасрэднай працай па дагляду за пахаваннямі акрамя гмінных структур займаліся прыходы праваслаўнай і рымска-каталіцкай цэркваў, асобныя грамадскія арганізацыі.

У складаных умовах пасляваеннага часу на месцах назіраліся асобныя выпадкі парушэння цэласнасці вайсковых могілак. Менавіта таму 30 ліпеня 1923 г. згаданы ўжо палескі ваявода С. Даўнаровіч накіраваў павятовым старастам цыркуляр, у якім выказаў незадавальненне пахаваннем нябожчыкаў на існуючых вайсковых могілках. “У час абмеру вайсковых могілак і магіл у некалькіх паветах ваяводства было заўважана, што вясковае насельніцтва хавае сваіх нябожчыкаў на вайсковых могілках, раскопвае і знішчае пры гэтым воінскія магілы, бо размяшчае магілы на сцежках могілак ці паміж рэгулярна размешчанымі магіламі, чым псуецца агульны выгляд і парадак на могілках. Таму некаторыя вайсковыя могілкі, якія былі пакінуты акупантамі ў належным стане, губляюць свой выключна воінскі характар і падвяргаюцца павольнаму спусташэнню (напрыклад, нямецкія вайсковыя могілкі каля казарм у Лінове Пружанскага павета)” [16]. Менавіта таму было катэгарычна забаронена далейшае пахаванне на вайсковых могілках нябожчыкаў з ліку грамадзянскіх асоб. Такое распараджэнне трэба было давесці да сельскіх гмін, магістратаў, а таксама органаў дзяржаўнай паліцыі. У выпадку выяўлення свежых магіл прадугледжвалася эксгумацыя грамадзянскіх нябожчыкаў і перапахаванне іх на прыходскіх могілках за кошт сродкаў гмін і віноўнікаў [17].

У пачатку студзеня 1927 г. Палескае ваяводскае ўпраўленне накіравала ўсім павятовым сеймікам ліст з пратаколам управы агульнапольскага Таварыства апекі за магіламі загінуўшых з прадпісаннем адносна ўзмацнення нагляду за магіламі і ўключэнні для гэтага ў бюджэт неабходных сродкаў [18]. Павятовыя ўлады далі адпаведныя ўказанні вясковым гмінам. З улікам наяўных магчымасцей там былі зроблены канкрэтныя захады. Напрыклад, рада Столінскай гміны на сваім пасяджэнні 18 жніўня 1927 г. прыняла рашэнне аб унясенні дапаўнення да ўласнага бюджэту на 1927/1928 гаспадарчы год у квоце 100 злотых якраз для ўзмацнення клопату аб пахаваннях [19].

Пры падтрымцы акруговых дырэкцый грамадскіх работ намаганнямі мясцовай грамадскасці на вайсковых могілках праводзілася добраўпарадкаванне. Так, у 1927 г. у Пінскім павеце быў праведзены рамонт могілак, 2 могільных брамак у в. Невель. Была ачышчана паверхня плошчай 1265 кв. м, 32 магілы (495,7 кв. м). Праведзеныя работы былі ацэнены ў 193,5 злотых. У Кухоцкай Волі Пінскага павета адпаведна было ачышчана 1204 кв. м, 124 магілы (264,8 кв. м), а работы каштавалі 208 злотых [20]. Розныя па аб’ёму работы па добраўпарадкаванні адбываліся і на іншых могілках у заходнебеларускім краі.

У многіх мясцовасцях індывідуальныя драўляныя крыжы былі заменены надмагіллямі – плоскімі намагільнымі плітамі ў форме стылізаванага крыжа ці вертыкальнымі бетоннымі крыжамі. Пры гэтым надпісы з крыжоў пераносіліся на бетонныя надмагіллі звычайна на польскай мове (паводле тагачасных міжнародных патрабаванняў – на дзяржаўнай мове краіны, дзе размешчаны воінскія пахаванні) ці па-нямецку (пажаданне нямецкага боку адносна пахаванняў нямецкіх ваеннаслужачых). Надпісы на рускай мове былі выключэннем.

Паводле складзеных актаў выкананых работ ад 27 лістапада 1928 г., за бетонныя надмагіллі на могілках у вёсках Пінскага павета прадугледжвалася выплата Беньяміну Фінкелю 658 злотых за 140 надмагілляў у в. Жытновічы (нямецкія воінскія пахаванні), 747,3 злотых за 159 надмагілляў у в. Ніговішча (зараз у Зарэчненскім раёне Ровенскай вобласці Украіны), 65,8 злотых за 14 надмагілляў у в. Жыдча (нямецкія воінскія пахаванні). Кошт 1 надмагілля складаў 4,7 злотых [21]. На плітах выбіваліся літары з абрэвіатурай Міністэрства грамадскіх работ Польшчы (Ministerstwo Robot Publicznych) і пазначэннем года – “MRP 1928” [22].

Сярод добраўпарадкаваных пры падтрымцы Міністэрства грамадскіх работ Польшчы у тым жа 1928 г. былі і сумесныя воінскія пахаванні расійскай, нямецкай і аўстра-венгерскай армій у в. Паляцічы Прускай гміны Кобрынскага павета [23]. Пра гэта сведчаць надпісы на бетонных плітах. На некаторых нямецкіх магілах і на ўсіх расійскіх пахаваннях былі зроблены надпісы па-польску [24].

На тэрыторыі Брэсцкага павета добраўпарадкаванне з удзелам нямецкага боку было праведзена на змешаных вайсковых могілках (нямецкія, аўстра-венгерскія і расійскія пахаванні) у Тамашоўцы (Орхава). Менавіта там у 1262 індывідуальных і больш за 20 брацкіх магілах было пахавана 1346 чалавек [25]. Надмагіллі былі зроблены на месцы магіл нямецкіх і аўстра-венгерскіх ваеннаслужачых каля в. Ставы Брэсцкага павета. Воінскія пахаванні аўстра-венгерскай арміі былі размешчаны на каталіцкіх могілках у Высока-Літоўску.

Практыка змешаных воінскіх пахаванняў знаходзіла спачуванне з боку жыхароў заходнебеларускіх зямель. “У нас хавалі і рускіх, і немцаў. Вайна ж была, – успаміналі старажылы мястэчка Лагішын Пінскага павета. – Хавалі не заўсёды вайскоўцы, але і мясцовыя жыхары. Асабліва, калі рускія пачалі імкліва адступаць, то і тут ужо па хрысціянскаму звычаю нашыя людзі хавалі нябожчыкаў, якіх дзесьці знаходзілі. Былі і брацкія магілы, і такія, адзіночныя” [26].

Лепшым было добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, якія размяшчаліся ў населеных пунктах (нярэдка на тэрыторыі ці збоку прыходскіх грамадзянскіх могілак, каля цэркваў, касцёлаў і інш.) ці недалёка ад іх. У аддаленых месцах (у лясах, на палях і інш.) пераважалі магілы з драўлянымі крыжамі, звычайна агароджаныя, але з цягам часу яны былі закінуты і цяпер іх немагчыма адшукаць. Напрыклад, 3 такія магілы знаходзіліся ў 3-х вярстах ад в. Кухоцка Воля ІІ Пінскага павета ў лесе ва ўрочышчы Асіна, а 4 – у 3-х вярстах ад в. Кухоцка Воля І ў полі ва ўрочышчы Клішава. Некаторыя аддаленыя пахаванні не мелі крыжоў (напрыклад, 6 магіл у фальварку Паўлінава той жа гміны Кухоцка Воля Пінскага павета – зараз гэтыя землі ў складзе Украіны)[27].

Яшчэ больш трывожнай тады была справа з пахаваннямі бежанцаў. 11 чэрвеня 1933 г. быў выдадзены асобны цыркуляр Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы адносна становішча пахаванняў бежанцаў 1915 г. Прызнавалася, што “…магілы бежанцаў дасюль знаходзяцца на палях і ў лясах без належнага нагляду” [28]. Напрыклад, у маёнтку Парэчча Пінскага павета было 26 магіл невядомых цывільных бежанцаў. Стан 23 з іх прызнаваўся добрым, 3 – дрэнным [29].

У ходзе ўзаемадзеяння акруговых дырэкцый грамадскіх работ з мясцовымі гміннымі органамі ўлады ўзнікалі і непаразуменні. У асобным цыркуляры Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы ад 9 мая 1928 г. прадпісвалася ваяводам выдаць распараджэнні мясцовым уладам па шэрагу пытанняў, звязаных з захаваннем воінскіх пахаванняў: аб большай падтрымцы з боку гмінных праўленняў для персаналу ваяводскіх упраўленняў, сектараў воінскіх пахаванняў пры найме работнікаў і фурманак для рамонтных работ на вайсковых могілках і правядзення эксгумацыі магіл; аб праяўленні больш пільнага клопату на ўзроўні гмін па недапушчэнні на вайсковых могілках наўмыснага знішчэння агароджаў, крыжоў, намагільных пліт; аб прыцягненні да адказнасці гмінных улад за ўхіленне ад удзелу ў складванні ў іх прысутнасці служачымі па воінскіх пахаваннях актаў прыёмкі выкананых работ на могілках, пры складванні пратаколаў эксгумацыі магіл; аб правядзенні органамі паліцыі больш строгага кантролю за тым, каб без згоды адпаведных ваяводскіх органаў на тэрыторыю вайсковых могілак не ўваходзілі для іх наведвання замежныя асобы, не праводзіліся там якія-небудзь работы ці фатаграфаванне магіл [30].

Пэўны клопат за пахаваннямі ваеннаслужачых нямецкай кайзераўскай арміі праяўляла гуманітарная арганізацыя “Народны саюз Германіі па нагляду за воінскімі пахаваннямі” (“Volksbund Deutsche Kriegsgräberfürsorge”), асабліва да пачатку 1930-х гг. Актыўная ўвага з нямецкага боку да воінскіх пахаванняў суайчыннікаў у Польшчы выклікала незадавальненне яе улад. “На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца вельмі многа могілак з пахаванымі ў іх нямецкімі салдатамі, якія загінулі ў час апошняй сусветнай вайны. Гэтыя могілкі і асобныя магілы з’яўляюцца прадметам жывой зацікаўленасці не толькі сем’яў і сяброў загінуўшых, але таксама розных нямецкіх таварыстваў ў Германіі і нямецкага ўрада”, – паведамлялася ў цыркуляры Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы ад 9 жніўня 1929 г. [31]. Адзначалася, што “некаторыя прыватныя асобы, кіраўнікі гмін ці нават гмінныя праўленні не пераставалі быць заклапочанымі рознымі просьбамі нямецкага боку аб рамонце могілак і пахаванняў, прыбіранні, фатаграфаванні, вырабе планаў і інш., на выкананне чаго атрымоўвалі грошы ці абяцанні аб аплаце” [32]. Каб “збіць” такую масіраваную хвалю актыўнасці з боку немцаў, было загадана адсылаць назад іх карэспандэнцыю і грошы з тлумачэннем, што наглядам за могілкамі і пахаваннямі загінуўшых нямецкіх салдат займаліся польскія дзяржаўныя ўлады, накіроўваць іх са сваімі пажаданнямі да адпаведных польскіх консулаў. У Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы былі ўпэўнены, што пры безумоўным выкананні такіх прадпісанняў “нямецкая практыка” з цягам часу страціць сваё значэнне і мэтанакіраванасць.

Разам з устаноўкай намагільных пліт, абеліскаў, агароджаў, добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў адбывалася таксама перазахаванне адзінкавых ці нешматлікіх пахаванняў у больш буйныя. Аднак рэалізацыі гэтых планаў перашкаджаў недахоп фінансавых сродкаў, асабліва пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу 1929 г. Як паведамляла 18 ліпеня 1933 г. Палескае ваяводскае ўпраўленне ў Пінскае павятовае староства, з-за запланаваных рамонтаў, работ па камасацыі зямель на тэрыторыі Пінскага павета неабходных сродкаў (628 злотых) для добраўпарадкавання мясцовых воінскіх пахаванняў не было. “… Большая частка вайсковых могілак у Пінскім павеце падлягае скасаванню. З 59 вайсковых могілак … застаюцца 8, становішча якіх паводле справаздачы было добрым” [33]. Менавіта добрым прызнаваўся стан воінскіх пахаванняў у вёсках Жытновічы (32 магілы) і Невель (32 магілы), а сярэднім – у вёсках Ніговішча (34 магілы), Жыдча (10 магіл)[34].

Менш добраўпарадкаванымі заставаліся пахаванні ваеннаслужачых расійскай арміі. Па-першае, адчувалася ўздзеянне антырускіх настрояў сярод мясцовай польскай адміністрацыі, якая разглядала рускую культуру, мову, традыцыі як “русіфікатарскую спадчыну” царызму. Па-другое, пасля крушэння Расійскай імперыі знікла зацікаўленасць з усходу праблемай захавання пахаванняў ваеннаслужачых царскай арміі, ахвяр Першай сусветнай вайны, якая ацэньвалася бальшавікамі ў якасці параджэння імперыялістычных дзяржаў. На месцах насельніцтва імкнулася падтрымліваць у парадку расійскія воінскія пахаванні, аднак ступень іх захаванасці змяншалася. Прыкладам могуць быць расійскія вайсковыя могілкі, якія былі закладзены ў 1915 г. у Відзіборы Столінскага павета. Менавіта на чыгуначнай станцыі Відзібор у прыфрантавой зоне з восені 1915 г. размяшчаліся буйныя склады зброі, боепрыпасаў, будаўнічых матэрыялаў 3-й расійскай арміі. Праз станцыю ў час Брусілаўскага прарыву 1916 г. на ўсход рухаліся эшалоны з параненымі, у адваротны бок – з папаўненнем і боепрыпасамі [35]. 25 лістапада 1925 г. войт гміны ў Століне паведамляў мясцоваму павятоваму старасце, што “вайсковыя могілкі былой расійскай арміі каля маёнтка Відзібор былі ў дрэнным стане” [36]. Яны займалі плошчу 1/3 дзесяціны, паводле няпоўных звестак Столінскай гміннай управы там было 30 магіл, якія не былі тады абгароджаны [37]. Паводле звестак 1927 г., у Відзіборы колькасць воінскіх магіл складала 61, на 46 з якіх адсутнічалі крыжы, але могілкі былі абгароджаны жэрдзямі. Гмінныя ўлады абяцалі ў бліжэйшы час паставіць крыжы [38]. Гэтыя воінскія пахаванні да цяперашняга часу не захаваліся.

Застаецца невядомым для сучаснікаў 1 нямецкае воінскае пахаванне на праваслаўных могілках у Століне. У магіле быў пахаваны камандзір 82-й нямецкай рэзервовай дывізіі генерал-маёр Карл Фрыдрых Зігфрыд Фабарыус. Ён быў захоплены ў палон у ходзе нападу расійскіх дыверсійных атрадаў на штаб нямецкіх войскаў у фальварку Невель Пінскага павета ў канцы лістапада 1915 г. [39], аднак зрабіў самагубства. Тады яму ішоў 63-ці год. З’яўляўся кадравым прускім афіцэрам, які зрабіў нядрэнную вайсковую кар’еру (у кастрычніку 1912 г. атрымаў званне генерал-маёра)[40]. У пачатку Першай сусветнай вайны 82-я рэзервовая дывізія пад яго камандаваннем ваявала на заходнім фронце ў раёне ракі Сома. А ў красавіку 1915 г. яна была перакінута на ўсходні фронт, дзе прымала ўдзел у Горліца-Тарноўскай наступальнай аперацыі, пераправілася цераз раку Сан, удзельнічала ў баях за Перамышль, Львоў. Менавіта гэтая нямецкая дывізія заняла Брэст-Літоўск, Пінск.

14 мая 1934 г. кіраўнік будаўнічага аддзела Палескага ваяводскага ўпраўлення, інжынер К. Сакалоўскі паведамляў у Столінскае павятовае староства аб тым, што “нямецкае пасольства прыняло просьбу Гарвіцкага аб 60 злотых для выканання работ, звязаных з упарадкаваннем і ўпрыгожваннем магілы нямецкага генерала Зігфрыда Фабарыуса, пахаванага на прыходскіх могілках у Століне”. Пры гэтым ён прасіў В. Гарвіцкага прыступіць да названых работ, прасачыць аб выкананні іх “салідна і ў строгай адпаведнасці з прынятым праектам, каб быў чытабельны, эстэтычны наступны надпіс на магільнай пліце:
Siegfried Fabarius
Königl. Preuss Generalmajor
* 22.VIII.1853   † 30.XI.1915” [41].

Нямецкае пасольства ў Варшаве замовіла 6 фотакартак (фармату паштовак) магілы генерала З. Фабарыуса пасля правядзення там рамонту.

Улічваючы тое, што гэтым пытаннем непасрэдна цікавіліся нямецкія дыпламаты, то польскімі ўладамі быў наладжаны пільны кантроль за яго вырашэннем. З Брэста ад транспартна-будаўнічага аддзела Палескага ваяводскага ўпраўлення ў Столінскае павятовае староства ішлі лісты з просьбай паведаміць, ці прыступілі ўжо да ўпарадкавання воінскага пахавання і калі гэтыя работы будуць завершаны [42]. Пасля сканчэння рамонтных работ 18 ліпеня 1934 г. быў складзены адпаведны акт прыёмкі [43].

Інтарэс нямецкага боку да загінуўшых суайчыннікаў не спадаў да канца 1930-х гг. Так, 13 ліпеня 1936 г. транспартна-будаўнічы аддзел Палескага ваяводскага ўпраўлення прасіў пінскага павятовага старасту выдаць распараджэнне аб пошуках магілы нямецкага унтэр-афіцэра Левіцке Карла (Loewicke Karl), які памёр 23 верасня 1915 г. “Паводле даных, атрыманых з нямецкага пасольства, магіла павінна знаходзіцца ў Лагішыне пры касцёле ці царкве” [44]. Праз 2 тыдні – 27 ліпеня 1936 г. – управа гміны ў Лагішыне дакладвала ў Пінск павятоваму старасце наступнае: “У Лагішыне ёсць агульная магіла нямецкіх і расійскіх салдатаў, але надпісаў і надмагілляў няма. Так як ніхто з жыхароў не прысутнічаў пры пахаванні забітых салдат, то нельга ўстанавіць ці ён там пахаваны. У магіле пахавана нібы некалькі соцен салдат…” [45]. Пасля праведзенага разбірацельства 31 жніўня 1936 г. было дададзена: “… Былі праслуханы старэйшыя людзі, якія ў той час былі на тэрыторыі баявых дзеянняў. … Знайсці магілу Левіцке Карла немагчыма, бо ніхто з мясцовых жыхароў яго не ведаў, таксама на яго магіле, як і іншых салдат, няма надпісаў” [46].

У 1936 г. на вайсковых могілках у в. Невель Пінскага павета, дзе былі нямецкія і расійскія пахаванні, каля ўвахода была ўсталявана стэла з надпісамі на нямецкай і рускай мовах: “Freund und feind im tod vereint”, “Друзья и враги смертью соединенны”, “Errichtet zur ehre derer die fur ihr vater land starren”, “Воздвиженъ въ память погибшихъ съ честью за Отечество 1917”. Сярод арыгінальных дэкаратыўных дэталяў помніка сярод іншых вылучаўся лаўровы вянок з паходняй усярэдзіне [47].

У цэлым, у 1921–1939 гг. на заходнебеларускіх землях намаганнямі польскіх дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, органаў гарадскога і вясковага самакіравання, царкоўных структур розных веравызнанняў і мясцовых жыхароў, а таксама замежных таварыстваў і грамадзян (асабліва нямецкіх) праводзілася захаванне і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў незалежна ад дзяржаўнай прыналежнасці загінуўшых. Такія сапраўды хрысціянскія адносіны да воінскіх пахаванняў могуць служыць урокам для сучасных пакаленняў грамадзян краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, некаторых рэгіёнаў постсавецкай прасторы аб належным шанаванні месцаў пахавання савецкіх ваеннаслужачых часоў Другой сусветнай вайны. У адрозненне ад заходнебеларускіх зямель, на тэрыторыі Савецкай Беларусі ў 1920-я – 1930-я гг. працы па добраўпарадкаванні пахаванняў ахвяр “імперыялістычнай” вайны не праводзіліся. Гэта стала адной з галоўных прычын таго, што абсалютная большасць воінскіх захаванняў, якія размяшчаліся ў гады Першай сусветнай вайны ў тылавой зоне расійскай царскай арміі, не захавалася да сучаснасці.

Трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, актыўная пасляваенная гаспадарчая дзейнасць і ўрбанізацыя, уздзеянне навакольнага асяроддзя, праявы абыякавых адносін да мемарыяльных помнікаў Першай сусветнай вайны і іншыя фактары прывялі да страты многіх з тых пахаванняў. Паводле У. Багданава, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ёсць не менш за 300 месцаў воінскіх пахаванняў Першай сусветнай вайны, з іх больш 90 расійскіх, каля 120 нямецкіх і аўстра-венгерскіх, каля 60 змешаных (расійскіх, нямецкіх і аўстра-венгерскіх)[48]. Калі ўлічыць звесткі, якія захоўваюцца ў адным з фондаў Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, якія сведчаць аб 7,9 тыс. асобах у 923 месцах пахаванняў [49], то можна толькі здагадвацца аб маштабах страчаных пахаванняў. Таму цяпер неабходна пастарацца захаваць уцалелыя матэрыяльныя, дакументальныя і іншыя сведчанні аб падзеях той Вялікай вайны. Трэба дастойна увекавечыць памяць пра салдат і афіцэраў расійскай арміі, у якой за Айчыну ваявалі людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей.

 

Артыкул апублікаваны:

Вабішчэвіч, А.М. Стан і захаванне воінскіх пахаванняў Першай сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. / А.М. Вабішчэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 2014. – № 9. – С. 15–22.

 

Спасылкі:

  1.  Шарков А., Селеменев В. Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси Soldatengräberanlagen aus dem Ersten Weltkrieg in Belarus. Мн., 2010.
  2. Богданов В. По следам Первой мировой войны в Беларуси. Сморгонский район. Мн., 2007.
  3. Швед В. Губернскі Гродна: аповяды з гісторыі горада (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.). Гродна, 2002. С. 178–179.
  4. Историческое наследие 1941 года в исследованиях и экспозициях музеев: материалы Междунар. науч. конф., посвящ. 70-летию обороны Брестской крепости (Брест, 9–11 июня 2011 г. / Министерство культуры Республики Беларусь, мемориальный комплекс «Брестская крепость-герой»; редкол.: Г.Г. Бысюк [и др.]. Брест, 2013. С. 83.
  5. Гл.: Меньчуков Е.А. Бои под Логишиным в 1915 г.: наступальная операция 31 армейcкого в лесах и болотах. М., 1937.
  6. Ненадавец А.М. Салдацкія пахаванні на Піншчыне перыяду Першай сусветнай вайны. С. 211.
  7. Селіванаў П. Нарачанская аперацыя 1916 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн., 1999. С. 279.
  8. Бабкоў А.М. Баранавіцкая аперацыя 1916 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 298.
  9. Гл.: Ильенков В. «Друзья и враги смертью соединены» // Пінскі веснік. 1998. 1 верасня; Ільянкоў В. Ворагаў, аб’яднаных смерцю // Чырвоная змена. 1999. 23 сакавіка; Шарков А., Селеменев В. Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси Soldatengräberanlagen aus dem Ersten Weltkrieg in Belarus… С. 138–142.
  10. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (ДАБВ). Ф. 2428, воп. 1, спр. 120, арк. 1.
  11. Шарков А., Селеменев В. Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси Soldatengräberanlagen aus dem Ersten Weltkrieg in Belarus… С. 131–132.
  12. Там жа. С. 45–46, 142–144.
  13. Версальскі дагавор 1919 г. – Рэжым доступа: http://www.documentarchiv.de/wr/vv06.html. – Дата доступа: 15.02.2014.
  14. Рыжскі дагавор 1921 г. – Рэжым доступа: http://poland1939.ru/content/ctatya-ix-rizhskogo-dogovora-1921-g. – Дата доступа: 16.02.2014.
  15. ДАБВ. Ф. 2001, воп. 4, спр. 1320, арк. 13.
  16. Там жа. Арк. 21.
  17. Там жа.
  18. Там жа. Ф. 2187, воп. 1, спр. 243, арк. 16.
  19. Там жа. Арк. 5.
  20. Там жа. Ф. 2001, воп. 1, спр. 1314, арк. 83.
  21. Там жа. Спр. 1994, арк. 20–23 адв.
  22. Lewkowska A., Lewkowski J., Walczak W. Zabytkowe cmentarze na kresach wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej: Województwo Poleskie na obszarze Republiki Białoruśkowska. Warszawa, 2000. S. 208.
  23. Шарков А., Селеменев В. Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси Soldatengräberanlagen aus dem Ersten Weltkrieg in Belarus. Мн., 2010. С. 31.
  24. Lewkowska A., Lewkowski J., Walczak W. Zabytkowe cmentarze na kresach wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej … S. 149.
  25. Шарков А., Селеменев В. Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси Soldatengräberanlagen aus dem Ersten Weltkrieg in Belarus… С. 129.
  26. Ненадавец А.М. Салдацкія пахаванні на Піншчыне перыяду Першай сусветнай вайны // Социально-экономическое и историко-культурное развитие Полесского региона в ХХI веке: материалы междунар. науч.-практ. конф. (Пинск, 5–6 мая 2006 г.). Пинск, 2006. С. 210–212.
  27. ДАБВ. Ф. 2001, воп. 1, спр. 879, арк. 16.
  28. Там жа. Спр. 5424, арк. 28.
  29. Там жа. Арк. 22.
  30. Там жа. Ф. 36, воп. 1, спр. 40, арк. 9.
  31. Там жа. Спр.41, арк. 10.
  32. Там жа.
  33. Там жа. Ф. 2001, воп. 1, спр. 5430, арк. 18.
  34. Там жа. Арк. 13.
  35. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. Мн., 2003. С. 87.
  36. ДАБВ. Ф. 2003, воп. 2, спр. 453, арк. 21.
  37. Там жа. Воп. 1, спр. 224, арк. 14.
  38. Там жа. Арк. 20, 22.
  39. Аб правядзенні гэтай аперацыі гл.: Брусилов А.А. Мои воспоминания. Мемуары. Мн., 2002. С. 202–203; Заворошкин В. Партизаны Первой мировой // Белорусская военная газета. 2006. 28 октября; Заворошкин В. Как пленили генерала Фабариуса // Полесская правда. 2007. 24 ноября, 1, 8 и 15 декабря; Цуба М.В. Першая сусветная вайна на Беларусі ў кантэксце сусветных ваенных падзей (грамадскі і ваенны бакі) 1914–1918 гг. Пінск, 2010. С. 203–204.
  40. Karl Friedrich Siegfried Fabarius. – Рэжым доступа: http://de.wikipedia.org/wiki/Karl_Friedrich_Siegfried_Fabarius. – Дата доступа: 13.10.2012.
  41. ДАБВ. Ф. 2003, воп. 1, спр. 1643, арк. 3 адв.
  42. Там жа. Арк. 16.
  43. Там жа. Арк. 13.
  44. Там жа. Ф. 2001, воп. 1, спр. 5467, арк. 2.
  45. Там жа. Арк. 5.
  46. Там жа. Арк. 7.
  47. Lewkowska A., Lewkowski J., Walczak W. Zabytkowe cmentarze na kresach wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej … S. 118; Шарков А., Селеменев В. Воинские захоронения Первой мировой войны в Беларуси Soldatengräberanlagen aus dem Ersten Weltkrieg in Belarus… С. 44.
  48. Помнить героев Первой мировой // Во славу Родины. 2013. 29 ноября.
  49. В Беларуси уделяется особое внимание проблеме увековечения памяти воинов Первой мировой войны // Рэжым доступа: www.interfax.by/printable/news/Belarus/101666. – Дата доступа: 16.02.2014.

 

Звесткі пра аўтара:

Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч – доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Даследуе праблематыку нацыянальна-культурнага развіцця заходнебеларускіх земляў паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, гісторыю культуры Беларусі ХХ ст., пытанні гістарычнага краязнаўства. Аўтар больш 300 навуковых, навукова-папулярных, вучэбна-метадычных прац у айчынным і замежным друку, у тым ліку 6 манаграфій, апошнія з якіх — «Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (Брэст, 2008) і «Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці» (Мінск, 2012) (у суаўтарстве). Адзін з аўтараў 1-га тома выдання «Polska—Białoruś. Wspólne dziedzictwo historyczne. Przewodnik po materiałach archiwalnych 1918—1939» (Варшава, 2013).
e-mail: vabischev@rambler.ru