Да пытання стану могілак на Століншчыне ў міжваенны час

Аляксандр Вабішчэвіч
09.1.2015

Гісторыя вайсковых могілак, якія адносяцца яшчэ да часоў Першай сусветнай вайны, а таксама ранейшых ваенных канфліктаў ды паўстанняў, пакуль вывучана ў Беларусі слаба. Не лепшы стан даследавання і цывільных могілак. Не з’яўляецца выключэннем з гэтага правіла і гісторыя могілак аднаго з адметных куткоў заходнебеларускага краю — Століншчыны. Не прэтэндуючы на вычарпальнае асвятленне гэтай няпростай тэмы, хацеў бы прапанаваць чытачам узятыя з дакументальных крыніц 1920—1930-х гг. каштоўныя звесткі пра могілкі на тэрыторыі Столінскага павета, які тады ўваходзіў у склад Палескага ваяводства Польскай Рэспублікі.

Паводле ўмоваў Версальскага трактата 1919 г. і Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. польскія ўлады павінны былі сярод іншага ўзяць пад апеку і забяспечваць захаванне вайсковых пахаванняў на заходнебеларускіх землях. Акрамя таго, магілы змагароў за польскую дзяржаўнасць меркавалася актыўна выкарыстоўваць для правядзення паланізатарскай прапагандысцкай працы сярод мясцовага насельніцтва. Таму ў паветах і гмінах патрабавалася праяўляць клопат пра такія пахаванні. 25 лістапада 1925 г. войт гміны ў Століне паведамляў мясцоваму павятоваму старасце, што "ў парку маёнтка Манькавічы ёсць 3 магілы польскіх салдат, што загінулі ў барацьбе за незалежнасць Польшчы — знаходзяцца ў добрым стане, а пры маёнтку Відзібор — вайсковыя могілкі былой расійскай арміі — у дрэнным стане" [1].

Менавіта на чыгуначнай станцыі Відзібор у прыфрантафой зоне з восені 1915 г. размяшчаліся буйныя склады зброі, боепрыпасаў, будаўнічых матэрыялаў 3-й расійскай арміі. Праз станцыю Відзібор падчас Брусілаўскага прарыву 1916 г. на ўсход рухаліся эшалоны з параненымі, у адваротны бок — з папаўненнем і боепрыпасамі [2]. Менавіта ў 1915 г. у Відзіборы і былі закладзеныя вайсковыя могілкі. У 1925 г. яны займалі плошчу ў 1/3 дзесяціны. Паводле няпоўных звестак Столінскай гміннай управы, на іх было 30 магіл, якія тады не былі абгароджаныя [3]. Пэўныя фрагментарныя звесткі пра пахаваных на могілках салдат расійскай арміі можна ўзяць з польскамоўнага спісу 1923 г.: Васіль Паўлічаў (Bazyl Pawliczev) [4]), 6.02.1917, 2 полк артылерыі («на магіле сасновы крыж з прозвішчам… магіла без агароджы і ніякай апекі»); радавы 102-га пяхотнага палка Кузьма Кіліловіч (Kuźma Kiliłowicz), 18.02.1917; радавы 32-га пяхотнага палка Васіль Федаровіч (Bazyl Fedorowicz), 27.12.1916; радавы 103-га пяхотнага палка Дзмітрый Твоцвіч (Dmitry Twocwicz?), 12.12.1916; супрацоўнік 82-га пяхотнага палка Арлюк Аўтамовіч (Orluk Awtomowicz) [5]. Тады ж, у 1923 г., у вёсцы Рэчыца каля Століна на праваслаўных могілках было 14 магіл невядомых салдат расійскай арміі («з крыжамі без надпісаў»), а таксама на 1 магіле — крыж з прозвішчам вайскоўца 331-га Орскага пяхотнага палка Васіля Несцеравіча Шкляро (?) (па польску — Szkloro? ці Szklovo?), 2.08.1916 (агульны стан пахаванняў — «абгароджаныя, але абваліўся плот, былі без нагляду»); на праваслаўных могілках у вёсцы Струга былі 2 невядомыя пахаванні 1918 г. — расійскага радавога («на магіле быў слуп, крыжа не было») і радавога аўстра-венгерскай армііі («з дубовым крыжом»), у вёсцы Вялікія Вікаравічы — магіла невядомага салдата расійскай арміі 1918 г. («з сасновым крыжом»), у Століне пры каталіцкім касцёле — магіла падхаружага Казловіна ці Кастовіна (Kozłowin? ці Kostowin?), 25.09.1915, «з сасновым крыжам»), а на могілках Столінскіх хутароў — 2 магілы невядомых салдат польскай арміі 1920 г. [6]. У 1925 г. у Радчыцкай гміне налічваліся ў вёсцы Радчыцк на мясцовых могілках 1 занядбанае пахаванне загінуўшага польскага салдата ў гады Першай сусветнай вайны, 1 магіла паўстанца 1863—1864 гг., што знаходзілася ў полі, а таксама па 1 знішчанай магіле на могілках ў Рухчы ІІ, Аўсяміраве і Калодным [7].

У пачатку студзеня 1927 г. Палеская ваяводская ўправа накіравала ўсім павятовым сеймікам ліст з пратаколам управы агульнапольскага Таварыства апекі за магіламі загінуўшых з прадпісаннем адносна ўзмацнення нагляду за магіламі і ўключэння для гэтага ў бюджэт неабходных сродкаў [8]. У сваю чаргу, павятовыя ўлады Століна 21 траўня 1927 г. далі адпаведнае ўказанне гмінам. Так, рада Столінскай гміны на сваім пасяджэнні 18 жніўня 1927 г. прыняла рашэнне аб унясенні дапаўнення да ўласнага бюджэту на 1927/1928 гаспадарчы год якраз для ўзмацнення нагляду за пахаваннямі ў суме 100 злотых [9]. На тэрыторыі Столінскай гміны ў самім Століне на парафіяльных могілках на касцельным пляцы была адна згаданая магіла, абгароджаная штыкетам. Адно такое пахаванне было ў Вялікіх Вікаравічах і 2 у Струзе — на мясцовых праваслаўных могілках (называліся вышэй), але яны не мелі крыжоў і не былі абгароджаныя. У вёсцы Відзібор з 61 ваеннай магілы на 46 адсутнічалі крыжы, але яны былі абгароджаны жэрдкамі (як бачым, прыведзеная лічба пахаванняў разыходзіцца з той, якая прыводзілася ў звестках 1925 г.). Гмінныя ўлады абяцалі ў найбліжэйшы час абгарадзіць магілы памерлых і паставіць крыжы [10]. На той час не былі абгароджаныя і ваенныя пахаванні на тэрыторыі Плотніцкай гміны: у вёсцы Плотніца — 16 магіл, у вёсках Сіціцк, Ворсынь, Вялікія Арлы — па адной магіле, у вёсцы Стахаў — 2 магілы, на хутары Кораб’е — 14 магіл [11]. Адпаведныя захады на выпраўленне нездавальняючага становішча з добраўпарадкаваннем ваенных пахаванняў прынялі і ў Радчыцкай гміне. Патрэбна было паставіць крыжы і абгарадзіць 2 магілы ў вёсцы Фядоры, 1 — у вёсцы Радчыцк, 1 — у вёсцы Аўсямірава, 3 — у вёсцы Калоднае, а таксама абгарадзіць 1 магілу ў вёсцы Нячатава. На могілках каля вёскі Будымля адзіная магіла загінуўшага была ў добрым стане, абгароджана і з крыжом, знаходзілася пад наглядам мясцовага солтыса. У добрым стане былі і 15 магіл на каталіцкіх могілках у Давыд-Гарадку — усе яны былі абгароджаныя, кожная была абкладзена дзірваном і мела крыж [12].

Неабходнасць догляду за магіламі часоў Першай сусветнай вайны звычайна знаходзіла разуменне на месцах. Аднак там не заўсёды станоўча рэагавалі на патрабаванне аб прывядзенні ў парадак магіл людзей, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны 1919—1921 гг., змагаючыся супраць польскага войска. Напрыклад, на могілках у вёсцы Луткі, якія размяшчаліся на тэрыторыі маёнтка Уладзіслава Наркуцкага, былі 3 такія магілы. Паколькі яны не былі абгароджаныя і не мелі крыжоў, павятовы аддзел Столінскага сейміка загадаў солтысу вёскі Луткі абгарадзіць пахаванні і паставіць крыжы. Аднак загад "солтыс не выканаў, бо ўладальнік маёнтка Луткі пан Наркуцкі не дапусціў абгароджваць магілы, а пастаўлены солтысам на магілах крыж быў прыбраны тым жа солтысам на загад кіраўніка ўзвода аховы памежжа пана паручніка Давідовіча, а таксама і пана палкоўніка Наркуцкага", які заяўляў пра пахаванне там «бальшавіцкіх ворагаў» [13]. Войт Хорскай гміны, куды ўваходзіла вёска Луткі, абяцаў вясной усё-такі абгарадзіць там згаданыя магілы і паставіць крыжы. Тое ж трэба было зрабіць і ў вёсцы Альшаны, дзе былі 2 такія пахаванні [14].

У перапісцы Столінскага павятовага стараства з гміннымі ўправамі адносна неабходнасці ўпарадкавання могілак загінуўшых ёсць звесткі і пра пахаванні ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гг. У прыватнасці, падавалася інфармацыя пра паўстанцаў, якія ваявалі пад кіраўніцтвам уладальніка маёнтка ў вёсцы Варані Адама Солтана.

Людзі гавораць, што паўстанцаў загінула шмат, хоць вядома толькі, дзе пахаваныя 2 з іх — прозвішчы невядомыя. Рускіх загінула 12, пахаваныя ў лесе. Тэрыторыя, на якой пахаваныя паўстанцы, належыць Карпу Гурману, што пражывае ў Рэчыцы [15].

Аднак бібліятэкар Нацыянальнага музея ў горадзе Раперсвіль (Швейцарыя) Станіслаў Зялінскі яшчэ ў 1913 г. у польскамоўнай кнізе «Баі і сутычкі 1863—1864 гг.» пісаў пра тое, што на полі бою каля вёскі Варані царскія войскі страцілі 19 забітых (сярод іх афіцэр — маёр Камер [магчыма, што гэта маёр Эміль Сігфрыдавіч фон Крэмер — А. В.], 4 унтэр-афіцэры, барабаншчык) і 17 параненых, а таксама прывёў прозвішчы 2-х загінуўшых паўстанцаў — Станіслаў Кулеша і Кжынскі (сярод страт паўстанцаў названы яшчэ 1 паранены) [16]. На той час (1927 г.) ніякіх звестак пра іншыя магілы паўстанцаў 1863—1864 гг. на тэрыторыі Столінскага павета не прыводзілася, у тым ліку і ў вёсцы Калоднае, дзе адбыліся 2 сутычкі паўстанцаў пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута і Яна Ваньковіча. У той жа час "у Радчыцку баёў не было. Толькі знаходзіцца магіла кіраўніка маёнтка Радчыцк, які загінуў як мучанік ад уласных сялян за ўдзел у паўстанні. Прозвішча невядома" [17].

Да месцаў баёў паўстанцаў каля вёсак Варані і Калоднае ў міжваенны час ладзіліся ўрачыстыя экскурсіі школьнай моладзі.

З боку польскіх улад рабіліся, натуральна, і захады па ўшанаванні барацьбітоў за незалежнасць адроджанай Польшчы. Яны набывалі яскравы паланізатарскі прапагандысцкі характар. Напрыклад, у адказ на просьбу Галоўнай управы Польскага таварыства апекі за магіламі герояў Міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы ў Варшаве выдала 30 студзеня 1933 г. для ўсіх школьных акруг асобны цыркуляр адносна заахвочвання вучнёўскай моладзі "да ўтрымання ў парадку магіл польскіх салдат і іх аздаблення, асабліва ва ўрачыстыя дні (гадавіна атрымання незалежнасці Польшчы, народны абход, Задушны дзень (Дзяды) і інш.)".

Як адзначалася ў дакуменце, галоўнай мэтай было імкненне да фарміравання ў школьнікаў «культу барацьбітоў за незалежнасць». Да гэтай справы непасрэдным чынам далучылася польскае Міністэрства ўнутраных спраў, якое загадала ваяводам выдаць мясцовым органам улады адпаведныя распараджэнні адносна спрыяння працы школьнай моладзі на вайсковых могілках з мэтай упрыгожвання магіл польскіх салдат кветкамі і зелянінай, ачышчэння іх ад пустазелля і падтрымання ў парадку [18].

Цывільныя могілкі па-ранейшаму ўтрымліваліся за кошт рэлігійных абшчын. Прыведзеныя ў ніжэй пададзенай табліцы звесткі пра стан могілак у Столінскім павеце ў 1924 г. былі складзеныя на падставе польскамоўнай інфармацыі, пададзенай у Столінскае павятовае стараства з асобных гмін — Столінскай, Хорскай, Плотніцкай, Радчыцкай, Церабяжоўскай і Бярозаўскай [19]. Інфармацыя па Высоцкай гміне, тэрыторыя якой цяпер поўнасцю знаходзіцца ў складзе Украіны, у табліцу не ўключана. У прыведзенай табліцы прысутнічаюць населеныя пункты, якія на цяперашні момант не ўваходзяць у Столінскі раён Брэсцкай вобласці, але тады з’яўляліся часткай гмін Столінскага павета: з былой Плотніцкай гміны — Гальцы, Беразцы (зараз у складзе суседняга Пінскага раёна), Бярозаўскай гміны — Бярозаў (Бярозавае), Гліннае, Драздынь, Вежыца, Блезава (Блажова), Купель, Будкі, Пераходзічы, Вайткевічы (цяпер — вёска Каменнае Ракітнаўскага раёна), Церабяжоўскай гміны — Гарадзішча, Тумень, Смародск, Пераброды, Будымля, якія знаходзяцца на тэрыторыі памежнай Ровенскай вобласці (Украіна). Паўторы ў слупках табліцы пазначаныя значком (-//-). У спіс уключаныя як хрысціянскія (праваслаўныя, каталіцкія), так і іўдзейскія могілкі, а таксама вайсковыя могілкі ў вёсцы Відзібор. Пазначаныя тагачасныя назвы вуліц Століна, дзе размяшчаліся мясцовыя могілкі. Паказчыкі адлегласці могілак ад жылых дамоў у дадзенай табліцы не ўніфікаваліся і прыведзеныя ў такім выглядзе, у якім былі пазначаныя ў гмінах: як у метрычнай сістэме мер (метры, кіламетры), так і ў папярэдняй ёй — сажанях (1 сажань — 2,134 м), вёрстах (1 вярста — 1,06 км), нават у кроках (вёска Гальцы) ці без пазначэння пэўнай адлегласці — «пры самай вёсцы» (вёскі Альманы, Пераброды). Пакінутыя без зменаў і лічбавыя паказчыкі пра плошчу могілак (па стане на 1924 г.) — яны прыведзеныя таксама як у метрычнай сістэме (квадратных метрах, гектарах), так і ў ранейшай — у квадратных сажанях, дзесяцінах (1 дзесяціна была роўнай 2400 квадратным сажаням або 1,09 га). Колькасць пахаваных на могілках таксама падаецца прыблізная на той час. Час заснавання асобных могілак быў пазначаны няпэўна — «здаўна», «ад незапамятных часоў» (вёска Велямічы), «з часоў заснавання вёскі» (вёскі Фядоры і Нячатава) — ці прызнаваўся невядомым. Уражвае тое, што сярод датаваных (ці прыкладна датаваных) былі могілкі, якія налічвалі на той час ужо больш за 100—150 гадоў свайго існавання. Сярод праваслаўных могілак асобныя існавалі больш за 250 гадоў (Давыд-Гарадок). Ад 200 да 300 гадоў налічвалі яўрэйскія могілкі (у Століне, Давыд-Гарадку, вёсцы Гліннае, каля мястэчка Гарадная). Безумоўна, што адсутнасць поўнай і дакладнай інфармацыі пра стан могілак на тэрыторыі Столінскага павета ў 1924 г. была звязана найперш з суб’ектыўным фактарам — звесткі падаваліся войтамі, солтысамі і іх сакратарамі, якія, у сваю чаргу, абапіраліся толькі на памяць мясцовага насельніцтва. Акрамя таго, не трэба забывацца пра разбуральныя вынікі Першай сусветнай вайны, нямецкай акупацыі, польска-савецкай вайны 1919—1921 гг., а таксама войнаў, пажараў мінулых стагоддзяў, у ходзе якіх нярэдка гінулі каштоўныя дакументальныя крыніцы. Нягледзячы на гэта, змешчаныя ў табліцы звесткі пра могілкі Столінскага павета (1924 г.) могуць быць карыснымі для правядзення ў сучасных умовах краязнаўчай працы. Некаторыя з гэтых могілак цяпер ужо наогул зніклі, на многіх даўно ўжо не хаваюць нябожчыкаў. З удзячнасцю памінаючы нашых продкаў, што загінулі ці памерлі ў гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, варта таксама аддаць даніну павагі і пакаленням людзей папярэдняга часу, нягледзячы на іх веравызнанне, якія знайшлі свой пасмяротны спакой у зямлі Століншчыны.

Стан могілак на тэрыторыі Столінскага павета (1924 г.) (PDF)

Спасылкі:

  1. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (ДАБВ). Ф. 2003, воп. 2, спр. 453, арк. 21.
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. Мінск, 2003. С. 87.
  3. ДАБВ. Ф. 2003, воп. 1, спр. 224, арк. 14.
  4. У прозвішчах магчымыя памылкі, паколькі яны прыводзяцца ў перакладзе з польскай мовы, зробленым з дрэнна чытэльнага архіўнага дакумента.
  5. ДАБВ. Ф. 2028, воп. 1, спр. 849, арк. 2.
  6. Тамсама. Арк. 2—2 адв.
  7. Тамсама. Ф. 2003, воп. 2, спр. 453, арк. 24.
  8. Тамсама. Ф. 2187, воп. 1, спр. 243, арк. 16.
  9. Тамсама. Арк. 5.
  10. Тамсама. Арк. 22, 20.
  11. Тамсама. Арк. 24 адв.
  12. Тамсама. Арк. 29, 31, 33.
  13. Тамсама. Арк. 7—8.
  14. Тамсама. Арк. 27.
  15. Тамсама. Ф. 2003, воп. 1, спр. 319, арк. 13.
  16. Zieliński S. Bitwy i potyczki. Rapperswil, 1913. S. 316.
  17. ДАБВ. Ф. 2003, воп. 1, спр. 319, арк. 13—14.
  18. Тамсама. Спр. 1643, арк. 2.
  19. Складзена на падставе: ДАБВ. Ф. 2003, воп. 1, спр. 224, арк. 1, 2, 7, 2, 8, 10, 12, 14, 15, 18.

 

Апублікавана:

Вабішчэвіч, А. Да пытання стану могілак на Століншчыне ў міжваенны час / А. Вабішчэвіч // ARCHE - Пачатак. – 2014. – № 7-8. – С. 368–381.

 

Звесткі пра аўтара:

Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч – доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Даследуе праблематыку нацыянальна-культурнага развіцця заходнебеларускіх земляў паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, гісторыю культуры Беларусі ХХ ст., пытанні гістарычнага краязнаўства. Аўтар больш 300 навуковых, навукова-папулярных, вучэбна-метадычных прац у айчынным і замежным друку, у тым ліку 6 манаграфій, апошнія з якіх — «Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (Брэст, 2008) і «Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці» (Мінск, 2012) (у суаўтарстве). Адзін з аўтараў 1-га тома выдання «Polska—Białoruś. Wspólne dziedzictwo historyczne. Przewodnik po materiałach archiwalnych 1918—1939» (Варшава, 2013).
e-mail: vabischev@rambler.ru