Старажытныя захаванні могілкі ў Крэве (Смаргонскі р-н)

Аляксандр Камінскі
21.1.2015

 

Артыкул узяты на сайце   КРЭЎСКАЕ МОРА. Краязнаўчы блог Аляксандра Камінскага са згоды аўтара.

Нямецкія ўмацаванні на старажытных могілках за Свята-Троіцкай царквой. І сусветная вайна

Калі вы прыйдзеце на крэўскія могілкі, праваслаўныя ці каталіцкія, то заўважыце дзіўную рэч: найстарэйшыя захаванні, якія можна знайсці тут, датуюцца пачаткам дваццатага стагоддзя. І толькі калі добра пашукаць, то можна натрапіць на крыху старэйшыя. Але іх адзінкі. Быццам і не было той шматвяковай гісторыі, якой славіцца Крэва. Дзе ж знайшлі свой прытулак і вечны спакой нашы шматлікія далёкія продкі? У наш час ужо мала хто з крэўчанаў дасць вам пераканаўчы адказ.

Каб разабрацца ў гэтым пытанні, прыйшлося апытаць многіх найстарэйшых жыхароў Крэва і перавярнуць горы літаратуры. Тут вельмі дарэчы былі матэрыялы, сабраныя нашым мясцовым краязнаўцам Пятром Іванавічам Грынкевічам. Пётр Іванавіч таксама цікавіўся гэтым пытаннем, і ў яго запісных кніжках пазначана вялікая колькасць розных захаванняў, выяўленых ім ў Крэве і ваколіцах. На вялікі жаль, гэтага чалавека няма ў жывых, і вельмі складана высветліць па вядомых толькі яму арыенцірах месцазнаходжанне многіх з тых магіл. Аднак, некаторыя з іх усё ж знойдзены, пошук астатніх вядзецца.

У выніку пошукаў быў складзены своеасаблівы рэестр захаванняў Крэва і найбліжэйшых ваколіц, куды былі ўключаны звесткі пра існуючыя і зніклыя могілкі, старажытныя курганы, брацкія і адзіночныя магілы, нават пра тыя, існаванне якіх не пацверджана нічым, акрамя чутак ці легендаў.
Адно з такіх напаўлегендарных захаванняў – Альгердава магіла. Старажытныя летапісы паведамляюць пра тое, што вялікі князь літоўскі Альгерд памёр у 1377 годзе хрысціянінам, прыняўшы перад смерцю па просьбе жонкі Юльяны манаства і хрысціянскае імя Андрэй. Цела яго хоць і было спалена па паганскаму звычаю, але прах быў пахаваны ў пабудаванай ім праваслаўнай царкве Прасвятой Божай Маці ў Вільні.

Праўда, польскія і нямецкія хронікі сцвярджаюць, што ён быў і памёр язычнікам. Вядомы польскі храніст Ян Длугаш, напрыклад, пісаў, што Альгерда пахавалі ў Крэве ля замка па паганскаму абраду. Разам з ім, быццам бы, былі перададзены зямлі яго 18 коней. Магчыма, так яно і было. Але вядома, што летапісы часта падтасоўваюць факты з-за нейкіх палітычных мэтаў. У дадзеным выпадку, польскія і нямецкія храністы хацелі акцэнтаваць увагу на прыхільнасці першых уладароў Вялікага Княства да паганства, каб апраўдаць памкненні каталіцкай царквы і сваіх феадалаў аказваць уплыў на гэтую дзяржаву. Аднак, улічваючы магчымыя падобныя падтасоўкі з боку праваслаўных летапісцаў, не будзем выключаць таго, што Альгерд сапраўды быў пахаваны ў Крэве.
У нашым рэестры знайшлося месца і для захаванняў, зафіксаваных у краязнаўчай літаратуры, але пакуль не выяўленых на мясцовасці.

Звесткі пра старажытныя магільныя насыпы - курганы, якія знаходзіліся непадалёк ад крэўскага гарадзішча, можна сустрэць у працах даследчыкаў 19 ст. Рамуальда Зянкевіча і Міхала Балінскага. Зянкевіч паведамляў, што курганы размяшчаліся паблізу рэчкі Закота. Праўда, у наш час не выяўлена ні саміх курганоў, ні слядоў вышэй названай рэчкі. Магчыма, захаванні былі зруйнаваны ў час І сусветнай вайны, бо якраз у той час тут праходзілі моцныя артылерыйскія баі паміж рускімі і нямецкімі войскамі. Рэчка ж магла перасохнуць ці зарасці балотам.
Відаць, тыя самыя курганы меў на ўвазе археолаг Фёдар Пакроўскі, калі ў 1893 годзе пісаў: “На адлегласці сажняў 100 ад гарадзішча, у паведамленні мясцовага настаўніка ўказваецца два курганы, у 1,5 аршына вышынёй. Пры разворванні аднаго з іх быў знойдзены чалавечы чэрап і некалькі жалезных абручыкаў. Далей, сажняў праз 300, знаходзіцца другая пара такіх самых курганоў, а на 100 сажняў далей – яшчэ адзін курган. Недалёка ад апошняга, улева ад дарогі, - трэцяя пара курганоў. Адзін з апошніх быў раскопаны з-за цікаўнасці мясцовымі жыхарамі, пры гэтым знойдзены вялікі жалезны цвік і дубовае вуголле.”

У сваіх успамінах краязнаўца Пётр Грынкевіч згадвае пра прыезд у Крэва ў 1912 годзе расійскіх вучоных. Яны вялі раскопкі трох крэўскіх курганоў. Магчыма, размова ідзе пра тыя самыя захаванні, пра якія пісалі даследчыкі ў 19 стагоддзі, а магчыма – пра зусім іншыя. Ва ўспамінах Грынкевіча падаюцца арыенціры іх месцазнаходжання, з дапамогай якіх і ў наш час можна распачынаць пошукі. Маецца таксама спіс знойдзеных даследчыкамі прадметаў. Такім чынам, у адным з курганоў, на полі Яблонскага, былі знойдзены старажытныя цвікі, гузікі і іншыя рэчы. Пры раскопках другога, на дзялянцы Былінскага Домкі, даследчыкі натрапілі на гліняны гаршчок, поўны попелу. А трэці курган, на полі Былінскага Калістрата, паднёс археолагам сюрпрыз у выглядзе маленькай сякеркі, пікі і іншай зброі.

Дамецій Плаўскі, які служыў святаром у Крэве ў канцы 19 стагоддзя, выявіў у дзвюх вярстах на захад ад цэнтра мястэчка ва ўрочышчы Царкавішча сляды старога храма і могілкі са старажытнымі каменнымі крыжамі. Пакуль невядома, адносіць гэтае захаванне да разраду загінуўшых, ці гэта тыя самыя закінутыя могілкі на вуліцы Савецкай, пра якія ад старажылаў можна даведацца наступнае. Кажуць, што яны прызначаліся для захавання людзей, што скончылі жыццё самагубствам, немаўлят, якія не прайшлі да смерці абрад хрышчэння, і тых, хто меў пры жыцці вялікія грахі перад Богам. Дасведчаныя спецыялісты паведамілі, такі феномен не характэрны для Беларусі. Вядома, што самазабойцаў і нехрышчоных раней хавалі за могілкавай агароджай, але каб для іх захавання адводзіліся асобныя могілкі – такіх выпадкаў даследчыкамі пакуль нідзе, акрамя Крэва, не зафіксавана. Магчыма, тут пад такое “спецыялізаванае” захаванне быў прыстасаваны яшчэ больш старажытны закінуты пагост, пра які і пісаў Дамецій Плаўскі.

Яшчэ адны могілкі, якія знаходзяцца ў вельмі занядбаным стане, размешчаны ў дзвюх сотнях метраў на поўнач ад Свята-Аляксандра-Неўскай царквы на невялікім пагорку, які ў народзе называюць Міколай. Тут да І сусветнай вайны стаяла Свята-Мікалаеўская царква, першыя пісьмовыя звесткі пра якую адносяцца да самага пачатку 17 стагоддзя. Па словах найстарэйшых жыхароў мястэчка, на могілках пры гэтай царкве калісьці хавалі ахвяраў халеры. Расказваюць, што памерлых у час эпідэміі было так многа, што ў адну магільную яму змяшчалі па некалькі трунаў.
У часы Першай сусветнай смерч спусташальных баёў прайшоўся па нашых мясцінах. Свята-Мікалаеўская царква і пагост былі моцна пашкоджаны. Аднак і ў нашы дні тут можна распазнаць некаторыя захаванні са старажытнымі надмагільнымі камянямі. У сярэдзіне 90-ых гадоў ХХ стагоддзя тут быў усталяваны памятны крыж.

На плане мястэчка Крэва 1869 года, які захоўваецца ў школьным краязнаўчым музеі, пазначаны Васкрасенскія могілкі. Вядома таксама, што адзін з крэўскіх пагоркаў меў такую ж назву. Пасля разбуральных баёў І сусветнай вайны ад могілкаў нічога не засталося. Вывучыўшы план 1869 года і параўнаўшы яго з сучасным, а таксама правёўшы апытанне мясцовых старажылаў, удалося высветліць, што пагорак Васкрасенне ці Васкрасенскі з аднаіменнымі могілкамі знаходзіліся на вуліцы Багданаўскай недалёка ад цяперашняй школы. Як расказваюць старажылы, у час будаўнічых работ і добраўпарадкавання тэрыторыі, што праводзіліся пасля вайны і ў іншыя часы, на гэтым месцы трапляліся рэшткі старажытных надмагільных помнікаў і пахавальных скляпоў.
Недзе пабач з Васкрасенскімі могілкамі знаходзіцца пагорак, названы ў літаратуры канца XIX стагоддзя Прачыстай. Згодна з інфармацыяй, надрукаванай у адным з нумароў “Gazety Warszawskiej” за 1889 год, на ім таксама былі зафіксаваны сляды старажытных захаванняў. (Больш падрабязна тут: Спасылка 2)

Пасля баёў І сусветнай вайны не засталося слядоў і ад старажытных могілкаў, якія размяшчаліся побач з касцёлам. Пісьмовых звестак пра іх існаванне пакуль не знойдзена, але ёсць сведчанні, што ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя пры закладцы падмурка драўлянага касцёла будаўнікам трапляліся рэшткі магілаў і чалавечыя астанкі. Тое ж самае назіралася і ў 90-ыя гады ў час будаўніцтва новага мураванага касцёла. Па непацверджаных дадзеных, тут нават былі раскопаны астанкі воіна ў старажытных даспехах.

Вернемся цяпер да дзеючых і па сённяшні дзень могілкаў. Як было ўжо сказана, самым старым помнікам тут гадоў па сто. А вось на планах Крэва сярэдзіны 19 стагоддзя і адны, і другія могілкі пазначаны. У чым тут справа? Як можна было ўжо здагадацца, справа ў той жа Першай сусветнай. У час вайны старыя захаванні былі зруйнаваны. Могілкавыя пагоркі былі зручным месцам для ўтрымання абароны, і немцы не грэбавалі тым, каб ствараць на іх разнастайныя ваенныя інжынерныя збудаванні. Да сённяшніх дзён захаваліся ў глыбіні праваслаўных могілкаў рэшткі бліндажоў і акопаў.

Калі спускацца ад праваслаўных могілкаў да каталіцкіх, можна натрапіць на асобныя магілы, у старажытнасці якіх няма аніякага сумневу. Старажылы расказваюць, што гэта рэшткі захаванняў, якія размяшчаліся каля былога ўніяцкага храма. Нягледзячы на ваеннае ліхалецце пачатку ХХ стагоддзя, некаторыя надмагільныя помнікі ўцалелі. На іх нават захаваліся надпісы, прачытаць якія ў наш час ужо вельмі складана.

З даследавання А. Камінскага “Цярністы шлях да вечнага спакою”

Нямецкія ўмацаванні на старажытных могілках за Свята-Троіцкай царквой. І сусветная вайна

Рэшткі старажытных могілкаў за касцёлам, на адхоне пагорка паміж сучаснымі каталіцкімі і праваслаўнымі: