Эпітафія майстру, альбо Жыццё і смерць Рыгора Ясінскага (15.11.1887 – 13.01.1964)

Валянціна Гарбачэўская
25.3.2015

Імя гэтага творцы вы не знойдзеце ні ў энцыклапедыях, ні ў біяграфічных слоўніках, ні ў падручніках па гісторыі мастацтва, часам яго можна сустрэць толькі ў польскіх кнігах і часопісах. Яшчэ яно захоўваецца ў памяці тых, хто яго некалі ведаў і памятае цяпер.

Да мемарыяльнага мастацтва ў нашай краіне працяглы час ставіліся зняважліва. Не прынята было пісаць пра аўтараў надмагільных скульптураў і помнікаў. І толькі ў апошнія гады да людзей прыйшло ўсведамленне, што гэты від мастацтва выкрышталізоўвае сакральнае адчуванне Радзімы, адлюстроўвае дзейсную сувязь часоў і пакаленняў. Помнікі на могілках могуць шмат распавесці не толькі пра людзей памерлых, але і пра жывых.

Сёння працы па камені выкананыя пінскім майстрам Рыгорам Ясінскім, а менавіта пра яго пойдзе гаворка ў артыкуле, можна ўбачыць у Пінску на польскіх каталіцкіх могілках, што на вуліцы Спакойнай. У 1993 г. гэтым могілкам нададзены статус мемарыяльнага некропаля. Яны змешчаныя і ў альбоме польскага фотамайстра Марыуша Проскінья, у іншых крыніцах. Нават у такім «невясёлым» жанравым фармаце яму з простых плоскіх плітаў удавалася стварыць сапраўдныя мастацкія творы. Кожны надмагільны помнік майстра – гэта ўзор мемарыяльнага мастацтва, і ён змяшчае ў сабе элементы працы скульптара і дызайнера, гравёра і каменячоса.

Захавалася 66 выдатна выкананых алоўкам праектаў помнікаў з каталога Р. Ясінскага. Вялікі майстар прапаноўваў іх сваім заказчыкам. Ужо толькі адно гэта сведчыць аб тым, якое багацце мастацкіх формаў адкрываецца ў гэтай мала вядомай плыні мастацтва.

Да нас дайшлі малюнкі мастака, нягледзячы на вайну, пераезды, а пасля і смерць творцы. А вось большасць помнікаў, увасобленых у камені, былі знішчаныя вандаламі ў 90-х гг. мінулага стагоддзя, а тым, што засталіся, наканаваны лёс натуральнага разбурэння. І гэта зразумела: пасля Вялікай Айчыннай вайны пачалася эпоха ваяўнічага атэізму – скідвалі з храмаў крыжы, а нярэдка і храмы цалкам разбуралі. Што ўжо казаць пра надмагільныя помнікі. Але, магчыма, надыдзе час збіраць камяні, і разбураныя помнікі, як і асобныя храмы, будуць адноўленыя па захаваных здымках і малюнках.

З метрыкі, знойдзенай у сямейным архіве Ясінскіх, дакладна вядома, што Рыгор Цімафеевіч Ясінскі нарадзіўся 15 лістапада 1887 г. у Кіеве ў сям’і Цімафея Нічыпаравіча і Марыі Марцінаўны Ясінскіх. У 1922 г. ён пераехаў у Пінск. 20 красавіка 1937 г. ажаніўся з Сафіяй Іосіфаўнай Гарбачэўскай (1908 – 1970). Тут ён пражыў усё далейшае жыццё, памёр у 1964 г. Спачатку сям’я жыла на вуліцы Запольнай, але пасля вайны, з-за няправільна аформленых дакументаў, дом давялося пакінуць і пераехаць у часовае збудаванне па вуліцы Спакойны тупік, 8, што побач з могілкамі.

У сямейным архіве знойдзена шмат фатаграфіяў, самая ранняя з якіх з аўтографам «Grzegorz Jasiсski» датаваная 1925 г. На адвароце пазначаная фірма «Леанар» – вядомы брэнд для камераў і фотаматэрыялаў, зробленых у Германіі ў пачатку ХХ ст. Ясінскі быў чалавекам творчым, гэта выяўлялася ва ўсім, што б ён ні рабіў. На здымку мы бачым яго за мальбертам, ён піша карціну з выявай фурмана і чалавека ў санях. На жаль, карціна не захавалася. На другой фатаграфіі Ясінскі сабраў сапраўдны сямейны квартэт, дзе ён са скрыпкай у руках. Умеў ён іграць і на іншых музычных інструментах.

Пінчанка Лідзія Самуйлік, што жыла па суседстве з Ясінскімі, успамінала, як у выхадныя дні на лужку, каля дома па вуліцы Прамой, з раніцы збіралася чарга на прыём да Рыгора Цімафеевіча. Некаторыя прыходзілі пешшу, з суседніх вуліцаў прыязджалі на роварах, а з далёкіх вёсак людзі дабіраліся на вазах, машынаў тады ў простага люду яшчэ не было. І рэкламы не існавала, лепшай рэкламай служыла людская пагалоска. Да яго прыходзілі і прыязджалі кожны са сваім горам і бядой, бо ён быў не толькі цудоўным майстрам па камені, але і лячыў хворых травамі, замовамі, іншымі народнымі спосабамі – быў сапраўдным знахарам. Яшчэ ён варажыў на картах, і да яго часцяком прыязджалі маладыя дзяўчаты, каб ён прадказаў ім лёс. Некаторым быў патрэбны партрэт, выкананы алоўкам або напісаны алеем. А часам чалавеку дапамагала вясёлая мелодыя, якую ён іграў на скрыпцы або на гітары. Ён умеў і рабіў усё, што было патрэбна людзям. Прымаў удзел у жыцці Пінска – рабіў эскізы дэкарацыяў для народнага тэатра. Горад таксама цаніў яго працы: 31 жніўня 1936 г. камітэт выставы «Кірмаш палескі» (Пінск, 15 – 31 жніўня 1936 г.) узнагародзіў высокапаважанага Р. Ясінскага Пахвальным лістом за вырабы з каменю.

Але сёння Р. Ясінскі цікавы нам перш за ўсё як аўтар унікальных помнікаў. Ды і самі могілкі – з’ява таксама не менш унікальная. Гэта адзіныя гістарычныя могілкі ў горадзе, дзе знаходзяцца магілы палякаў, яўрэяў, якія памерлі ў міжваенны перыяд, рускіх і немцаў, што загінулі ў гады сусветных войнаў. Людзі розных нацыянальнасцяў, канфесіяў, саслоўяў знайшлі спачын тут, за адной агароджай. Ясінскі не дзяліў людзей на сваіх і чужых, ён ствараў надмагіллі людзям розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Працаваў, як правіла, адзін, а калі праца патрабавала большых фізічных сілаў, звяртаўся па дапамогу да родзічаў ці падмайстра.

На кожным з яго малюнкаў, ды і фотаздымках помнікаў, стаіць лагатып на польскай мове «Zakіad wyrobu pomnikуw Grzegorza Jasiсskiego. Piсskul. Cmentarna, 21». Асобныя свае працы Рыгор Цімафеефіч здымаў для фота-паштовак з выявамі помнікаў, якія і сёння добра захаваліся. На іх можна прачытаць імёны на помніках: Franciszka Sala (1897 – 1939), Kazimerz Szimborski (1895 – 1938), Franciszek Nurїyсski (1868 – 1936), Kazimіerz Toruсski (1898 – 1938), Alina Zakrzewska (їyіalat 18, zm. 30 maja 1920 r.), Helena Zakrzewska (їyіalat 27, zm. 15 lutego 1919 r.), Stanisіawa z Gierіachowskich Jabіonska (1915 – 1936).

Дайшлі да нас і фотаздымкі з выявамі фамільных помнікаў (радавыя некропалі), або ярусныя надмагіллі, дзе пахаваныя некалькі чальцоў адной сям’і. Культурная і мастацкая значнасць такіх помнікаў бясспрэчная. Гэта бясцэнны летапіс роду, які пакінуў след у гісторыі горада. Асабліва кранальнымі і жалобнымі ў Р. Ясінскага атрымліваліся дзіцячыя надмагіллі. Гэта, як правіла, кампазіцыйныя маленькія скульптуркі з пясчаніку ці мармуру ў выглядзе зламанага дрэўца ці кветачкі.
Адкуль ён, звычайны чалавек, зусім не волат, чэрпаў сілы і натхненне, і як яму на ўсё хапала часу? Мяркуючы па кнігах з хатняй бібліятэкі, Ясінскі шмат часу аддаваў самаадукацыі, удасканальваў веды. Дакладна невядома, якую ён атрымаў адукацыю ў Кіеве, не захавалася пасведчанняў і атэстатаў. Але ў Пінску, паводле ўспамінаў блізкіх да яго людзей, ён шмат чытаў, актыўна выкарыстоўваў пры гэтым і разнастайныя слоўнікі: арфаграфічны, фразеалагічны, энцыклапедычны. Да нашага часу захаваўся ягоны падручнік граматыкі польскай мовы 1930 г. Ствараючы малюнкі надмагільных помнікаў, ён вывучаў літаратуру па гісторыі сусветнай архітэктуры і скульптуры. Настольнай кнігай у яго была «Каталіцкі Сусвет у малюнках», выдадзеная ў Вільні ў 1898 г.

Асабліва шчыраваў над надпісамі на надмагіллях, яны патрабавалі да сябе надзвычай уважлівага стаўлення, бо менавіта на іх у першую чаргу звяртаюць увагу наведнікі. Трэба дадаць, што ў яго хатняй бібліятэцы былі і мастацкія кнігі, выдадзеныя ў пачатку ХХ ст. у серыі «Бібліятэка выбраных твораў», рэдактарам і выдаўцом якой быў Франц Граноўскі.
У 1928 – 1929 гг., не адыходзячы ад сваіх звычайных заняткаў, Р. Ясінскі зноў пачаў вучыцца. Гэта былі гандлёвыя курсы імя Ігната Секуловіча ў Варшаве, заснаваныя яшчэ ў 1908 г. па асобных прадметах гандлю. Адметнасць курсаў, ці, дакладней, навучання, была ў тым, што яно ажыццяўлялася шляхам паштовай перапіскі. Курсы былі адукацыйныя, давалі веды для практычных жыццёвых з’яваў і ўяўлялі сабой камбінацыю рознай інфармацыі – сацыяльнай, эканамічнай, прававой і г.д. І чалавек, які па той ці іншай прычыне не скончыў школу або не набыў спецыяльнай адукацыі, мог атрымаць веды і набыць вопыт у галіне гандлю праз навучанне па перапісцы. Захаваліся праспект і праграма гэтых курсаў. Пасля заканчэння курсаў выдаваўся дыплом спецыяльнага ўзору.

Яшчэ ў 1930-х гг. Рыгор збіраўся пачаць будаўніцтва свайго дома, але тады не атрымалася. Яго мара здзейснілася толькі праз некалькі дзясяткаў гадоў. Пэўна, тады ён набыў кнігу з малюнкамі, табліцамі і фотаздымкамі пакрокавага будаўніцтва дома. Гэтая кніга і праз шэсцьдзясят гадоў засталася запатрабаванай. Яна была выкарыстаная нашчадкамі Ясінскага, калі ў 1990 г. было прынятае рашэнне дабудаваць дом, распачаты яшчэ самім Рыгорам Цімафеевічам у 1960-я гг.
Парадаксальна склаўся лёс Ясінскага. Ён стварыў помнікі многім людзям, выбіваючы іх імёны на камені. А вось магіла самога Ясінскага доўгі час заставалася безыменнай. Ды і дом, распачаты майстрам, паступова ператвараўся ў смеццевую звалку. Толькі зерне, укінутае ў зямлю, абавязкова дае ўсходы. Праз 30 гадоў паволі пачаў дабудоўвацца дом, а неўзабаве і на магіле Майстра з’явіўся помнік – праўда, сціплы і зусім не падобны на тыя, што ствараў ён сам. Наступалі іншыя часы…
Чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць пра яго. Будзем спадзявацца, што і імя Рыгора Цімафеевіча Ясінскага як унікальнага і адмысловага майстра зойме належнае месца ў гісторыі Пінска, ды і ў гісторыі мемарыяльнага мастацтва.

Валянціна ГАРБАЧЭЎСКАЯ, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага

 

Упершыню надрукавана ў газеце "Краязнаўчая газета" № 9-10, 2015 г.

Друкуецца са згоды аўтара і "КГ".