Гістарычныя могілкі Беларусі: гістарыяграфія і вопыт даследвання тэмы

Мікалай Гайба
26.12.2012

На сённяшні час у Беларусі захавалася значная колькасць могілак, якія налічваюць 150-200 гадоў свайго існавання. У пэўнай ступені гэта здзіўляе, улічваючы тое, што беларуская зямля за гэты перыяд зведала неаднаразовую змену дзяржаўнай улады і дзяржаўнай прыналежнасці. Гістарычныя могілкі з’яўляюцца важнай і рознабаковай гістарычнай крыніцай. Даследаванне могілак дапамагае аналізаваць сацыяльнае жыццё населеных пунктаў, разнастайнасць нацыянальнага складу жыхароў, іх традыцыі і вераванні, у пэўнай ступені прасачыць эканамічныя працэсы, змену архітэктурных стыляў і іншае. Важным з’яўляецца і маральны аспект такіх даследаванняў: захаванне гістарычнай і нацыянальнай памяці, памяці пра нашых продкаў. 

У 20-м ст. у Беларусі, якая перажыла некалькі войн, асноўная ўвага ўдзялялася воінскім могілкам. У міжваенны час (1920-1941 гг.) аб іх было некалькі публікацый, як у савецкім друку, так і ў польскім (заходнебеларускім). Так, у 1936 г. быў апублікаваны артыкул А. Снежко аб ваенных могілках у г. Лідзе [17] У савецкі пасляваенны час асноўная ўвага ўдзялялася могілкам і магілам загінуўшых савецкіх воінаў, партызан, і, у пэўнай ступені, масавым пахаванням ахвяр другой сусвенай вайны. Увекавечванне іх памяці часта зводзілася толькі да мемарыялізацыі месцаў іх гібелі і пахаванняў. Менш увагі ўдзялялася ўстанаўленню імён загінуўшых. Даследаванні грамадзянскіх могілак не праводзілася. Атэістычная прапаганда і іншыя ідэалагічныя падыходы таго перыяду прывялі да таго, што на месцы шэрагу гістарычных могілак былі пабудаваны стадыёны, гаражы, паркі, часам жылыя кварталы. 

Першыя грунтоўныя даследаванні беларускімі гісторыкамі могілак у Беларусі пачаліся у сярэдзіне 1990-х гадоў, у часы суверэннай Рэспублікі Беларусь. Адным з першых гэта зрабіў Юрый Гардзееў (г.Гродна), які апублікаваў у 1995 г. у зборніку “Краязнаўчыя запіскі” артыкул пра гродзенскія фарныя каталіцкія могілкі. [2] (Пазней ён ў сааўтарстве з Я. Розмусам выдаў у 1999 г. аб іх кнігу). У 1996 г. выдадзена першая кніга пра могілкі ў Беларусі - даследаванне пра кальварыйскія могілкі ў г.Мінску. [15]. Заўважым, што абедзьве названыя кнігі былі надрукаваны ў Польшчы. 

У 1990-1991 гадах невялікай групай студэнтаў Люблінскага каталіцкага універсітэта была праведзена інвентарызацыя могілак у шэрагу гарадоў і пасёлкаў на тэрыторыі заходняй Беларусі (у межах былога Навагрудскага ваяводства 2-й Рэчы Паспалітай), у т. л. і ў г.Навагрудку. Кіраўнік групы Д. Слядэцкі ў сваім артыкуле “Могілкі ў Беларусі. Стан захавання і інвентарызацыя” (1993 г.). [16] адзначыў, што ў г. Навагрудку на старых хрысціянскіх могілках (па падліках 1991 г.) захавалася 1275 надмагільных помнікаў. З іх 735 - на праваслаўных могілках і 540 - на каталіцкіх. Пазней ім быў апублікаваны ў кнізе [11] і план інвентарызацыі могілак, аднак да яго трэба падыходзіць крытычна, бо на плане сустракаюцца пэўныя недакладнасці ў размяшчэнні помнікаў і надпісаў на іх.

Мною, аўтарам гэтага артыкула, у 1998-1999 гадах было праведзена даследаванне могілак і пахаванняў у г.Навагрудку Гродзенскай вобласці, вынікам чаго стала выдадзеная аб іх ў 2000 г. кніга. [1] У выніку аналізу крыніц, літаратуры і апытання жыхароў было лакалізавана і апісана 11 вядомых і мяркуемых могілак і масавых пахаванняў жыхароў г. Навагрудка ад часу ўзнікнення горада ў канцы Х стагоддзя да нашых дзён.
На сённяшні час у г. Навагрудку захавалася чатыры гістарычныя могілкі: хрысціянскія на Гары Міндоўга (найстарэйшы з помнікаў, які там захаваўся, датуецца 1820 годам), яўрэйскія могілкі (найстарэйшы помнік з 1761 г.), татарскія могілкі (найстарэйшы помнік з 1820 г.), былыя (старыя) хрысціянскія могілкі пры сучаснай вуліцы Камсамольскай, якія аб’ядноўваюць каталіцкія і праваслаўныя часткі. 

Менавіта гэтыя могілкі, якія былі заснаваны ў самым канцы 18 – пачатку 19 стст., былі даследаваны мною больш падрабязна. Найстарэйшай памяткай на іх з’яўляецца змешчаная на капліцы табліца 1802 г. аб пахаванні ротмістра Навагрудскага ваяводства А.Заборскага. Найстарэйшыя надмагільныя помнікі, што тут захаваліся, датуюцца 1815 годам на каталіцкіх і 1835 годам на праваслаўных могілках. Была праведзена класіфікацыя помнікаў па знешняму выгляду і матэрыялу, з якіх яны зроблены. У прыватнасці, для сярэдзіны 19 ст. характэрнымі з’яўляюцца чыгунныя помнікі, якія ўяўляюць сабою пакладзеную на зямлю пліту з тэкстам, або зробленыя ў выглядзе невялікага куба; у другой палове 19 ст. распаўсюджанне набываюць “скалкі” – аб’ёмныя камяні з апрацаванай франтальнай часткай; з 1880-х гадоў масавымі становяцца помнікі ў выглядзе абеліскаў і стэл, а ў другой палове 20 ст. такія тыпы помнікаў становяцца практычна адзіным варыянтам. У кнізе зроблена спроба ахарактарызаваць разнастайнасць крыжоў і агароджаў, працытавана значная колькасць эпітафій. У книзе прыведзены звесткі аб амаль 30-ці пахаваных тут асобах, аб некаторых з іх дадзена больш падрабязная біяграфія. Трэба адзначыць, што бібліяграфія дадзенай тэматыкі на той час (канец 1990-х гг.) была не распрацавана, і гэта патрабавала значных намаганняў у пошуку неабходных крыніц і літаратуры. Пры напісанні кнігі мною былі выкарыстана ўзгаданая кніга пра кальварыйскія могілкі ў Мінску, кнігі польскага аўтара Я.Малаховіча пра архітэктуру віленскіх могілак [14], а таксама шэраг публікацый ў тагачаснай беларускай перыёдыцы. Карыснымі аказаўся і артыкул з “Минских губернских ведомостей” пра архітэктуру надмагільных помнікаў [3]. На сённяшні час навагрудскія старыя хрысціянскія могілкі аб’яўлены аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны, і іх гісторыяй займаюцца таксама і іншыя даследчыкі. 

У апошняе дзесяцігоддзе тэмай гістарычным могілак усё актыўней сталі займацца беларускія гісторыкі і краязнаўцы, вынікам чаго стала некалькі апублікаваных кніг і артыкулаў. У 2001 г. выдадзена кніга прафесара Гродзенскага дзяржуніверсітэта В. Чарапіцы “Гродненский православный некрополь”. [10] Тут аўтар апісвае гісторыю праваслаўных могілкавых комплексаў у сярэдневяковым Гродне, праваслаўных могілак, якія існавалі ў часы Расійскай імперыі. Кніга змяшчае біяграфічныя звесткі аб пахаваных на праваслаўных могілках па вуліцы Антонава жыхарах горада і вайскоўцаў расійскай арміі XIX ст. У кнізе віцебскіх краязнаўцаў А. Падліпскага і М. Рыўкіна “Наш вечный дом. Из истории еврейских кладбищ в Витебске” [7] падрабязна распавядаецца аб адзіных з пяці захаваўшыхся яўрэйскіх Старасямёнаўскіх могілках. Прыведзены і біяграфіі 50-ці найбольш вядомых з пахаваных тут людзей. У Сакт-Пецярбургу пад рэдакцыяй В.Вяроўкіна-Шэлюта ўбачыла свет кніга “Минское военное кладбище: захоронения дореволюционного периода (сохранившиеся к настоящему времени)”. [6] 

Трохі ўскосна, у гэты пералік можна дадаць кнігу “Увековечивание памяти защитников Отечества и жертв войн в Беларуси 1941-2008гг.”, дзе ў храналагічнай паслядоўнасці поўнасцю ці ў скарочаным выглядзе апублікавана 95 дакументаў, што захоўваюцца ў дзяржаўных архівах Беларусі, пра пахаванні воінаў Вялікай Айчыннай вайны [8], і кнігу пісьменніцы Вольга Іпатавай “Свабода да апошняга дыхання. Аповеды пра падарожжы” [4] , дзе ў асобных публіцыстычных замалёўках аўтар распавядае пра пахаванне таго ці іншага знакамітага беларуса як у Беларусі, так і ў іншых краінах.

Параўнальна нядаўна апублікавана шэраг цікавых артыкулаў: Грунтова С.У. (г.Мінск), Чабаровай Н.А. (г.Гродна), Лобач У.А. (г.Полацк) [5], якія раскрываюць архітэктурныя асаблівасці пэўных могілак, іх статус і рытуальныя функцыі. Сярод апублікаваных даследаванняў пра могілкі ў беларускіх населеных пунктах, адзначым публікацыі прысвечаныя лідскім могілкам. Гэта артыкулы Р.Кувалека [13] і артыкул супрацоўніцы Лідскага гісторыка-мастацкага музея Н. Хацяновіч “З гісторыі лідскіх могілак”. [9] 

Адзначаючы грамадскую і маральную важнасць такіх даследаванняў, заўважым, што выдадзеныя ў Беларусі кнігі і апублікаваныя артыкулы выйшлі невялікім тыражом (у некалькі сотняў экзэмпляраў). У пэўнай ступені, гэта можа быць звязана і з тым, што праводзімыя аўтарамі даследаванні абапіраюцца на іх ўласныя сілы і магчымасці, і пакуль не знаходзяць належнай падтрымкі і фінансавання. 

У суседняй з намі Рэспубліцы Польшча тэма гістарычных (і не толькі) могілак даўно стала актуальнай, распрацаваны метадычныя распрацоўкі па іх апісанню. Кнігі пра могілкі выдаюцца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры, арганізацый па сувязях з суайчыннікамі, уплывовых фондаў і грамадскіх устаноў. Як вынік, там з’явіліся кнігі і пра могілкі на беларускіх землях, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. 

У 2008 г. у Варшаве апублікавана аб’ёмная кніга “Гістарычныя могілкі на ўсходніх ускраінах другой Рэчы Паспалітай: Навагрудскае ваяводства” [18] Аўтары адзначылі, што ў сферу іх даследаванняў у былым Навагрудскім ваяваодстве былі ўключаны каталіцкія парафіяльныя могілкі (135), прыкасцёльныя (50), сямейныя (9), пахавальныя капліцы (10), могілкі і магілы паўстанцаў 1863 г. (5), ваенныя 1-й сусветнай вайны (5), вайны 1920 г. (2), партызанаў Арміі Краёвай (1), яўрэйскія могілкі і пахаванні (18), татарскія могілкі (10). Не цікавіліся аўтары праваслаўнымі могілкамі, “пакідаючы гэтую працу беларускаму боку”. [18, с.19] У выніку, у кнізе змешчаны звесткі пра могілкі ў 166 населеных пунктах былога ваяводства, а гэта сучасныя Дзятлаўскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Навагрудскі, Слонімскі, Шчучынскі раёны Гродзенскай вобласці; Валожынскі, Івянецкі, Клецкі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі раёны Мінскай вобласці, Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці. Тут коратка апісваецца гісторыя кожнага населенага пункта, пададзены карты мясцовасцей, планы могілак, надпісы на помніках (выбарачна), бібліяграфія і індэкс асоб, а таксама вялікая колькасць фатаграфій надмагільных помнікаў. 

Гісторыя татарскіх могілак асветлена ў кнізе “Мячэці і могілкі польска-літоўскіх татараў”, выдадзеная ў Варшаве ў 1999 г.[12] Тут змешчана характарыстыка могілак (размяшчэнне, памеры, фармаванне прасторы), асаблівасці ўсталявання надмагільных помнікаў, іх тыпы і аздабленне, атрыбуцыя. Падаецца спіс могілак у прывязцы да парафій. Сам каталог уключае 34 населеныя пункты са звесткамі пра гісторыю фармавання татарскіх пасяленняў, будаўніцтва мячэцяў, гісторыю і апісанне могілак, атрыбуцыю надмагільных помнікаў з пазначэннем памераў, тэкстамі надпісаў, адзнакамі пра стан захаванасці помніка. У канцы кнігі дадзены архіўныя і літаратурныя крыніцы, крыніцы выяўленчых матэрыялаў. З 34 апісаных у кнізе населеных пунктаў 19 знаходзяцца ў Беларусі.

Усё ж можна сцвярджаць, што сёння ў Рэспубліцы Беларусь тэма даследавання гістарычных могілак пашыраецца, знаходзіць сваё адлюстраванне і ў працах вышэйшых навучальных устаноў, у т.л. у рэфератах і курсавых работах студэнтаў. Даследуюцца могілкі (пахаванні) ураджэнцаў Беларусі і за межамі сваёй Радзімы. У прыватнасці, распачата праца над выданнем даведніка на беларускай і літоўскай мовах “Могілкі Росы. Памяць беларускай гісторыі”. Асноўная канцэпцыя будучага выдання заключаецца ў тым, каб узгадаць і пазначыць людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі і пакінулі ў Вільні свой след. 

Актыўна пранікае гэтая тэма ў Інтэрнэт, дзе ўжо апублікавана заўважная колькасць артыкулаў аб могілках рознай канфесійнай прыналежнасці ў беларускіх гарадах. Адзначым тут партал “Радзіма.org” (http://www.radzima.org) і сайт “Глобус Беларусі” (http://www.globus.tut.by). Знакавым можна лічыць і тое, што ў беларускім Інтэрнэце нядаўна з’явілася ініцыятыва па стварэнню супольнасці – “Могілкі Беларусі” (http://community.livejournal.com/by_mohilki). Адзначу, што і аўтарам артыкула, створана старонка пра навагрудскія гістарычныя могілкі на маім сайце пра гісторыю Навагрудка (www.gorod.novogrudok.by/mohilki - сёння гэтая старонка ўжо не актыўныя - М.Г.2010г.), якую плануецца ператварыць у самастойны сайт. 

Спіс літаратуры:

1. Гайба, М.П. Могілкі і пахаванні ў Навагрудку: Краязнаўчы нарыс / М.П.Гайба. – Мн.: Пейто, 2000. – 40 с. 
2. Гардзееў, Ю.Ю. Гродзенскія фарныя каталіцкія могілкі (канец 18 – першая трэць 20 ст.). Гісторыя і культура / Ю.Ю.Гардзееў // Краязнаўчыя запіскі. Вып. 3. – Гродна, 1995. – С. 114 – 121.
3. Г. В. Об архитектуре надгробных памятников / Г.В. //Минские губернские ведомости. Отдел второй. — 1850. №7 - 17. 02. С. 47-50.
4. Іпатава, В. Свабода да апошняга дыхання. Аповеды пра падарожжы / В.Іпатава. - Мінск, 2009
5. Грунтоў, С.У. Могілкі як горад: культуралагічны аналіз метафары на прыкладзе гарадоў і могілак заходняй Беларусі (канец ХVIII – ХХ стст.) / С.У.Грунтоў // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.; Чабарова, Н.А. Архитектура городских кладбищ ХIX-XX вв. (по материалам Новогрудка и Гродно) / Н.А.Чабарова // Тамсама; Лобач, У.А. Сімвалічны статус і рытуальныя функцыі могілак у беларускай народнай культуры вярхоўяў Бярэзіны і Віліі ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя /У.А.Лобач // Вестник Полоцкого государственного университета. № 1. Серия А. Гуманитарные науки. 2008.
6. Минское военное кладбище: захоронения дореволюционного периода (сохранившиеся к настоящему времени) (Сост.: А. А. Лукьянов, А. Л. Самович, А. А. Шумков. Редактор В. Н. Веревкин-Шелюта). - СПб. 2002. 32 с., схема
7. Подлипский, А. Рывкин М. Наш вечный дом. Из истории еврейских кладбищ в Витебске / А.Подлипский, А. Рывкин. - 2008.
8. Увековечивание памяти защитников Отечества и жертв войн в Беларуси 1941-2008гг. (Сост.: Адамушко В.И., Калесник Н.Е., Селеменов В.Д., Скалабан В.В., Шумский В.В.). – Минск, 2009
9. Хацяновіч, Наталля. З гісторыі лідскіх могілак / Н.Хацяновіч // Лідскі летапісец №3 (31) 2005 С.39 - 48
10. Черепица, В.Н. Гродненский Православный некрополь (с древнейших времён до начала XX века) / В.Н.Черепица. – Гродно: ГрГУ, 2001. – 230 с. 
11. Cmentarze w Nowogródku, Bieniakoniach, Worończy i Mirze. - Lublin, 1996. 
12. Drozd Andrzej, Dziekan Marek, Majda Tadeusz. Meczety i cmentarze Tatarоw polsko–litewskich / A.Drozd, M. Dziekan, T. Majda Tadeusz - Warszawa, 1999. 101 s., 309 f.
13. Kuwalek, Robert. Nieistniejący cmientarz wojskowy w Lidzie / R.Kuwalek // Zievia Lidzka. № 15, 1994. S. 6. Kuwalek, Robert. Rzymskokatolicki cmientarz przy ul. Grazyny / R.Kuwalek // Zievia Lidzka. № 18-19, 1996. s. 6. Kuwalek, Robert. Kwartera wojskowa parafialnego cmientarza w Lidzie / R.Kuwalek // Ziemia lidzka. № 29, 1998.
14. Małachowicz, E. Krajobraz i architektura cmentarzy wileńskich / E.Małachowicz — Warszawa, 1996. Małachowicz, E. Wilno. Dzieje. Architektura. Cmentarze / E.Małachowicz. — Wrоcław, 1996.
15. Rzymsko-katolicki cmentarz kalwaryjski w Mińsku na Białorusi (Opr. T. Czerniawska i A. Jaroszewicz. — Warszawa, 1996.
16. Sladecki, D. Cmentarze na Białorusi. Stan zachowania i inwentaryzacja // Ochrona wspólnego dziedzictwa kulturowego. Mędzynar. konfer. w Krasiczynie / D.Sladecki. — Warszawa, 1993. — S. 194-214
17. Snieżka, А. Cmentarz wojеnny w Lidzie / A.Snieżka // Ziemia Lidzka, № 8, 1936.
18. Zabytkowe cmentarze na Kresach Wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej: wojew?dstwo nowogr?dzkie / A. Lewkowska, W. Walczak. - Warszawa, 2008