Навагрудскія могілкі

Мікалай Гайба
18.2.2013

НАВАГРУДСКІЯ МОГІЛКІ

 

Могілкі заснаваны ў канцы 18 ст. Зачыненыя – у сярэдзіне 1950-х. Апошнія пахаванні датуюцца пачаткам 1960-х гадоў.

Паводле інвентарызацыі 1990 года, на каталіцкай частцы могілак выяўлена 540 надмагільных помнікаў, з іх без надпісаў – 230. На праваслаўнай частцы могілак – 735 надмагільных помнікаў.

Навагрудскія могілкі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Найстарэйшы надмагільны помнік на каталіцкай частцы могілак адносіцца да 1815 года і ўяўляе сабою бетонны пастамент вышынёй 2 метры, выкананы ў выглядзе ўсечанай піраміды з аснаваннем 55 сантыметраў. На вяршыні піраміды ўстаноўлены невялікі чугунны пастамент. На гэтым пастаменце — тэкст: “Dominik Ablamowicz, wice marszalek  Nowogrodzkiego. 1815” а над ім — чугунны крыж з распяццем.

Наступны па часе помнік датуецца 1817 годам. Ён выкананы ў выглядзе каменнай пліты, тэкст на якой сведчыць, што тут пахавана Антаніна Вольф з роду Ташэўскіх. Над тэкстам змешчана выява родавага герба — “Слепаворан”. Сама пліта знаходзіцца на зямлі, расколатая на чатыры часткі.

З 1840-х гадоў распаўсюджанне атрымалі надмагільныя помнікі ў выглядзе чугуннай пліты, якая ляжыць на магіле. Ля “галавы” пліты — чугунны крыж. У гэты ж час з`явіліся чугунныя помнікі ў выглядзе аднаго-двух пастаментаў (па форме - усечаная піраміда) з крыжам наверсе. Такіх помнікаў захавалася каля дзесяці.

Бліжэй да канца 19 ст. найбольш частымі па колькасці сталі помнікі ў выглядзе стэлы з каменю, граніту, мармуру. Часам яны былі ў выглядзе невысокага каменя з апрацаванымі бакамі, але найчасцей — у выглядзе пастамента са стэлай. З іншых каменных помнікаў уяўляюць цікавасць помнікі з апрацаванай франтальнай часткай каменя. У большасці выпадкаў такія камяні маюць бясформенны выгляд, хаця сустракаюцца і камяні, якія сіметрычна апрацаваныя, як, напрыклад, на магіле Вайніловічаў (пач. 20 ст.).

У некалькіх экзэмплярах ёсць на могілках каменныя помнікі ў выглядзе ссечанага сукаватага дрэва з адсечанымі каранямі. Такія помнікі сімвалізуюць хуткаплыннасць чалавечага жыцця, яго абмежаванасць у часе на гэтым свеце. На вяршыні такога помніка-дрэва выбіты крыж. Помнік гэтага тыпу на магіле доктара З. Шолмо (1898 г.) мае вышыню 2 метры, іншыя — каля      1 метра.

У адзінкавым выглядзе прысутнічае на могілках помнік у выглядзе пастамента, на якім устаноўлена каплічка. Адметнасць гэтага помніка і ў тым, што на ім указана прозвішча майстра — Нартоўскі г. Гродна. Помнік устаноўлены на магіле Ф. Задзірноўскага (187(?) г.).

Таксама ў адзіным экзэмпляры знаходзіцца на могілках помнік у выглядзе высокай калоны, устаноўленай на прамавугольным пастаменце. Наверсе калоны — урна. Помнік устаноўлены Е. Ёдкам на магіле бацькоў у 1855 г.

У другой палове 20 ст. найбольшае распаўсюджанне на могілках атрымалі помнікі ў выглядзе абеліскаў і невысокіх стэл. Апошняе пахаванне праведзена тут у сярэдзіне 1950-х гадоў.

Большасць помнікаў, якія захаваліся на праваслаўнай часцы могілках з сярэдзіны 19 ст., былі выкананы з чугуна. Яны ўяўляюць сабою пліту з тэкстам, якая ляжыць на магіле. На краю пліты ўстаноўлены чугунны крыж. Некалькі помнікаў гэтага часу выкананы ў выглядзе чугуннага куба, на ўсіх баках якога напісаны тэкст.

З другой палове 19 ст. ёсць некалькі скалак, г. зн. бясформенных камянёў (скалы) з апрацаванай франтальнай часткай, вышынёй каля 1 метра.

З канца 19 ст. распаўсюджанне атрымалі помнікі ў выглядзе гранітных ці мармуровых абеліскаў і стэл. Такія тыпы помнікаў з‘яўляюцца тут найбольш распаўсюджанымі, а з 1940 года яны сталі адзіным варыянтам. Звычайна складаюцца такія помнікі з двух, радзей — з трох частак: пастамент (адзін або два) і сам абеліск або стэла. Помнік на магіле І. Руткоўскага (1908 г.) выкананы ў выглядзе абеліску, які завяршаецца карнізам і паўкруглай “шапкай”. У адзінкавым экзэмпляры на праваслаўных могілках знаходзіцца помнік 1936 года у выглядзе схілёнай долу фігуры жанчыны (на магіле 9-гадовага Мішы Данілевіча). 

У 20 ст. распаўсюджанне атрымалі помнікі ў выглядзе  металічнага крыжа, зробленага з трубаў або пласцін, да якіх прымацоўваліся таблічкі з надпісам. Вышыня такіх крыжоў каля 1 метра. Ёсць на могілках і каля 10 пашкоджанных драўляных крыжоў.

 

Капліца

У цэнтры каталіцкіх могілак узвышаецца мураваная капліца, якая была пабудавана ў другой палове 19 ст. згодна праекта 1896 г. Як паведамляе тэкст на праекце, ажыццявіць яе пабудову збіраўся памешчык Ёдка. Капліца ўяўляе сабой у плане круг, з чатырох бакоў якога выступаюць на 1 м ад асноўнага аб‘ёму прамавугольныя сцены. Кожная з гэтых выступаючых сцен абрамлены пілястрамі дарычнага стылю. Кожная сцяна завяршаецца трохвугольнай аркай. На бакавых сценах — паўкруглыя вокны, на задняй сцяне акна няма. Уваходныя дзверы — прамавугольныя. Капліца завяршаецца купалам, над якім узвышаецца невысокая чатырохвугольная вежа з паўкруглымі праёмамі. Вежа, як і сцены, завяршаецца трохвугольнымі франтонамі. На вежы ўстаноўлены металічныя васьміканцовыя крыжы.

З часу закрыцця могілак і да пачатку 1990-х гадоў капліца паступова прыходзіла ў заняпад. У 1992-1993 гадах яна была адрэстаўравана намаганнямі каталіцкай абшчыны горада. Работы па яе атынкоўцы, пакрыццю бляхай купала і іншая праца выканана мясцовымі майстрамі.

 

Вайсковыя могілкі

Ушчыльную да хрысціянскіх могілак размешчаны могілкі савецкіх воінаў і партызан. Тут пахавана 239 чалавек, у тым ліку 187 воінаў і партызан, якія загінулі летам 1944 г. пры вызваленні Навагрудчыны ад нямецка-фашысцкіх акупацыі. На іх магілах былі ўстаноўлены абеліскі, на якіх значацца прозвішчы і воінскія званні пахаваных. На чатырох абелісках напісана “воин неизвестный”, яшчэ на адным — “девочка Соня, фамилия неизвестна. 1944 г.”. Апошняе пахаванне праведзена тут у 1962 г. У 1958 г. у цэнтры могілак быў устаноўлены помнік з выявай салдата і надпісам: “Вечная память героям, павшим в боях за свободу и независимость нашей Родины”.