70 год з дня нараджэння Міхаіла Раманюка

10.1.2014

3 студзеня споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Раманюка - выдатнага беларускага вучонага-мастацтвазнаўца, этнографа, мастака, аўтара фундаментальнай працы "Беларускі народныя крыжы" - галоўнай настольнай кнігі беларускіх некрапалістаў.

Балада Міхася Раманюка (03.01.1944-04.09.1997)

Твой саламяны капялюш, нібыта німб,
Над беларускімі дарогамі плыве
Туды, дзе хат гасціннае святло, агні
Кастроў, крыжы, што на касцёле і царкве,
І на магілах беларусаў, што ў траве
Не зніклі без пары, бо Беларусь жыве.
І кожны крок твой, як да прадзедаў зварот,
У душах светла адклікаецца людскіх.
Ёсць Беларусь, а значыць быў і ёсць народ
І будзе тут, тут на зямлі, зямлі для ўсіх
Хто любіць беларускае жыццё, як мы,
Чыёй крывёй напоены лясы, трава
І сонца адзінокае, нібыта Бог,
Якому сінагога і касцёл, царква -
Адна дарога вечная з усіх дарог
Да Бога, у якога наша Беларусь жыве
І будзе вечна жыць, як валуны ў траве,
З якіх збудуецца вялікі белы Храм,
Дзе будзе Бог, дзе будзеш ты і месца - нам…

Віктар Шніп                                                 2008 г.

 

Пра Міхаіла Раманюка ў Вікіпедыі - Міхась Раманюк