Правілы апісання могілак

Правілы дэтальнага апісвання могілак (рэкамендацыі Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры РБ):

1. Вызначэнне афіцыйнай назвы могілак на афіцыйнай мове тэрыторыі і традыцыйнай (пабытовай) назвы. Вызначэнне адміністрацыйнай прыналежнасці і падначаленасці могілак, дакладнага адрасу з усімі рэквізітамі і тэлефонамі адміністрацыі. Вызначэнне тапаграфічнага становішча аб’екта.
2. Пошук або стварэнне плана могілак, удакладненне тапаграфічнай уладкаванасці (надзелы, зоны, квадраты могілак). У выпадку адсутнасці плана самастойна ствараецца сістэма адпаведных каардынат.
3. Вызначэнне адсутнасці або наяўнасці рэгістрацыйнай кнігі могілак, картатэкі і іншага даведкавага матэрыяла (праводзіцца іх выкарыстанне). Пошук даведак аб смерці і пахаванні, планаў і схем могілак.
4. Пошук падтрымкі ад мясцовых краязнаўчых арганізацыяў і музеяў, архіваў, уладаў.
5. Апісанне канфесіянальнай прыналежнасці могілак (або іх асобных частак). Складанне гістарычнай даведкі і апісання бліжэйшых касцёлаў, цэркваў, мячэцей, сінагог, кірхаў, збораў. Выяўленне захаваных метрычных кніг, характарыстыка магчымасці іх выкарыстання для апісання могілак.
6. Правядзенне натурнага апісання магілы (стварэнне інвентарнай карткі пахавання – гл. ніжэй).
7. Збор дадатковай інфармацыі: СМІ, архівы, мемуары, даведнікі, слоўнікі. Пошук пацвярджэння датам смерці і нараджэння, прозвішчам, змешчаным на помніку. Далучэнне спецыялістаў (мастацтвазнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў) і мясцовых жыхароў.
8. Звядзенне ўсёй інфармацыі ў адну крыніцу. Складанне гістарычнай даведкі аб могілках і нарыса аб мясцінах.
9. Вырашэнне пытання аб неабходнасці надання могілкам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пры апісанні могілак рэкамендуецца складаць такую форму для кожнай магілы (фармат А4).
Інвентарная картка пахавання (прыклад):
1. Від аб’екта: надмагільная пліта (або крыж, бервяно, камень, скульптура, барыльеф, капліца).
2. Выява аб’екта: фотаздымак.
3. Тэкст надпісу:
“Каліберда Сцяфан Кузьміч. Памёр 29.08.1954. Жыў 36 год.”
4. Фотафіксацыю выканаў: Горбач В.У.
5. Дата: 16.07.2008 г.
6. Інвентарны нумар: БН25/407.
7. Схема размяшчэння аб’екта: пазначэнне на схеме месца, дзе размяшчаецца аб’ект.
8. Матэрыял: бетон.
8.1. Стан аб’екта: тэхнічны стан аб’екта здавальняючы.
9. Дадаткі (калі маюцца).

Такім чынам, кніга могілак павінна змяшчаць:
1) інфармацыйная даведка пра мясцовасць;
2) гістарычная даведка пра могілкі;
3) схема-план могілак;
4) інвентарная картка кожнага пахавання;
5) вызначэнне гісторыка-культурнай вартасці аб’екта; прапанова па наданні могілкам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

02. Правілы агульнага апісвання могілак (Урублеўскі В.В.):

1) А) Вызначэнне афіцыйнай і мясцовай назвы могілак, канфесійнай прыналежнасці; пералік населеных пунктаў, якія абслугоўваюцца могілкамі.
Б) Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае (вобласць, раён, сельскі савет) і тапаграфічнае становішча (межы, рэльеф, глеба, расліннасць, наяўнасць уваходаў і сцежак).
2) А) Гістарычная даведка пра могілкі. Храналагічныя рамкі выяўленых пахаванняў і матэрыял, з якога створаны помнікі (камень, бетон, дрэва, граніт). Цікавасць прадстаўляе самае ранняе выяўленае пахаванне. Праводзіцца абавязковае апісанне і фотафіксацыя найбольш каларытных помнікаў (асаблівую цікавасць уяўляюць даваенныя пахаванні).
Б) Апісанне і фотафіксацыя курганоў, капліц, цвінтара, помнікаў памятным падзеям і знакамітым людзям. Праводзіцца фотафіксацыя і тых мясцін, на якіх згаданыя аб’екты знаходзіліся раней, але не захаваліся.
3) Складанне схемы-плана могілак і вызначэнне гісторыка-культурнай вартасці аб’екта; прапанова па наданні могілкам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

P.S. Кожная фотафіксацыя суправаджаецца дакладнай палітарнай перадачай тэксту. Адрозненне ад дэтальнага апісання могілак заключаецца ў адсутнасці інвентарнай карткі кожнага пахавання і абавязковай фотафіксацыі ўсіх помнікаў, у т.л. пасляваенных.